Радыё "Сталіца"



Вітаем усіх, хто зайшоў на нашу старонку выпадкова або спецыяльна, каб сустрэцца з тымі, хто добра вядомы па эфіры радыёстанцыі "Сталіца", хто стаў "нябачнымі" сябрамі і без каго, магчыма, раніца не была б такой бадзёрай, дзень - такім цёплым, а вечар - рамантычным і загадкавым. 
Наша радыёстанцыя - структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі, створанае на базе былой Мінскай абласной рэдакцыі Беларускага радыё, якая вяла вяшчанне 2 гадзіны ў суткі на Мінск і Мінскую вобласць. Пасля сур'ёзнай тэхнічнай мадэрнізацыі і прадуманай арганізацыйнай рэструктурызацыі, рэдакцыя ператварылася ў сучасную радыёстанцыю.

З моманту свайго нараджэння - 21 верасня 1998 года - мы прытрымліваемся прынцыпу "Радыё "Сталіца" – наша радыё". Перад намі стаяла нялёгкая задача: стварыць дзяржаўную беларускамоўную радыёстанцыю, здольную канкурыраваць з дзеючымі недзяржаўнымі радыёстанцыямі. І мы з гонарам можам сказаць, што калектыў з гэтай задачай справіўся і даказаў, што дзяржаўнае радыё можа быць цікавым, прэстыжным, канкурэнтаздольным.

Сёння "Сталіца" вяшчае 24 гадзіны ў суткі на ўльтракароткіх хвалях па ўсёй рэспубліцы і на частаце 105,1 FM у Мінску. Слухаюць нас і ва ўсім свеце ў рэжыме рэальнага часу праз Інтэрнэт.

Радыё "Сталіца" - адзіная ў краіне цалкам беларускамоўная радыёстанцыя FM-фармату. У эфіры гучаць інфармацыйныя, пазнавальныя і музычна-забаўляльныя праграмы. У іх мы абмяркоўваем актуальныя надзённыя пытанні. Асаблівае месца займаюць праграмы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі, праз якія можна віртуальна падарожнічаць па цікавых мясцінах нашай краіны, даведацца пра ўнікальныя прыродныя рэсурсы і помнікі архітэктуры, а таксама зрабіць своеасаблівы экскурс у гісторыю і дакрануцца да багатай культурнай спадчыны Беларусі.

Сярод мноства FM-радыёстанцый, "Сталіца" вылучаецца сваім асаблівым, нестандартным падыходам да фарміравання музычнай сеткі. Музыка, якая гучыць у нашым эфіры, задаволіць патрэбы як сталага меламана, выхаванага на класіцы заходняй рок-музыкі, так і маладога чалавека, які сочыць за айчыннымі і замежнымі навінкамі рока. Музычны фармат радыё "Сталіца" знаходзіцца на стыку фарматаў AOR/АС (альбомна-арыентаваны рок / сучасная музыка для дарослых) і прадстаўлены кампазіцыямі лепшых айчынных і замежных выканаўцаў. Вялікая ўвага надаецца маладым беларускім музыкантам і аўтарам, якія працуюць у рок-стылістыцы.

Радыё "Сталіца" здолела знайсці ўласны стыль і рытм вяшчання, бо кожны з яе супрацоўнікаў з натхненнем стварае тое, што слухачы назавуць “любімым”.

Слухай любімае! © Сталіца

Зараз у эфiры

11:03 Музыка на "Сталіцы"
Далей Далей


Частоты

Выходит на ультракоротких волнах на частоте:
Минск - 72,89 и 105,1 МГц
Брест - 72,47 МГц
Витебск - 72,26 МГц
Могилев - 71,18 МГц
Гродно - 68,90 МГц
Гомель - 66,20 МГц

Контакты

Радио "Сталіца"
вул. Чырвоная, 4, Мінск, 220807, Рэспубліка Беларусь
E-mail: radiostalica@tvr.by
Тэл.: 290 62 23
284 85 55 - аддзел навін
284 48 86 - аддзел інфармацыйна-аналітычных праграм
284 45 22, muzred@tvr.by - аддзел музычных праграм

Мы "Вконтакте"

Запрашаем усіх на нашу старонку!