Радыё "Беларусь" перадае прывітанне Еўрапейскім гульням!

У эфіры міжнароднага радыё "Беларусь" стартуе цыкл праграм "Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням". У рамках гэтага тэматычнага праекта адбудзецца конкурс творчых фотаработ (сэлфі) "MINSK2019: Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням" - для прыцягнення ўвагі грамадскасці да галоўных спаборніцтваў будучага года, якія прыме Беларусь, і для павышэння аўтарытэту беларускага спорту на міжнароднай арэне.

Падчас праекта будзе праведзены конкурс творчых фотаработ (сэлфі) "MINSK2019: Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням". Замежным удзельнікам арганізатары прапануюць зрабіць маляўнічыя здымкі падчас заняткаў спортам або на фоне спартыўных аб'ектаў сваёй краіны, абавязкова дадаўшы хештэг #MINSK2019. Беларускія ўдзельнікі пасродкам сваіх фотаработ ужо сёння могуць паказаць усяму свету спартыўную сталіцу - 2019, якая зусім хутка сардэчна сустрэне замежных гасцей. Прыйшоў час паказаць таленты аматарам сэлфі і тым, хто ведае самыя ўдалыя ракурсы і можа паказаць спорт з нечаканага боку.

Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе ў слухачоў з'явілася ўнікальная магчымасць не толькі распавесці пра сваю краіну, яе спартыўныя традыцыі, але і, атрымаўшы перамогу, прыехаць у Мінск, каб на свае вочы пабачыць спартыўныя баталіі.

Фотаконкурс праходзіць у перыяд з 1 красавіка па 28 снежня 2018 года ў тры этапы:

1) прыём, разгляд заявак, адбор 50 лепшых прац (з 1 красавіка па 25 кастрычніка 2018 года);

2) галасаванне за фатаграфіі на сайце радыё "Беларусь" www.radiobelarus.by і выбар 10 фіналістаў, якія набралі найбольшую колькасць лайкаў (з 1 па 30 лістапада 2018 года);

3) вызначэнне журы тройкі пераможцаў (з 1 па 19 снежня 2018 года).

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зрабіць фотаздымак падчас заняткаў спортам або на фоне спартыўных аб'ектаў, размясціць на ім любым спосабам хештэг #MINSK2019 і даслаць фота на электронную пошту: selfie@minsk2019.by, альбо прымацаваць яго да заяўкі на сайце радыё "Беларусь". Адзначым, кожны ўдзельнік конкурсу можа адправіць толькі адну фатаграфію.

Лепшыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце www.radiobelarus.by ў раздзеле конкурсу, а прамежкавыя вынікі будуць падводзіцца ў выпусках праграмы "Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням" у эфіры міжнароднага радыё.

Пераможцаў і лаўрэатаў вызначыць прафесійнае журы. Лепшых узнагародзяць дыпломамі ад Белтэлерадыёкампаніі, а таксама камплектамі запрашальных білетаў на падзеі спартыўнай праграмы Еўрапейскіх гульняў і парадна-спартыўнай экіпіроўкай Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь!