15 лістапада 1925 у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. У гэты ж дзень у 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы: "Гаворыць Мінск!.."

Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. Шырока выкарыстоўваліся магчымасці радыё і як сродку асветы. У эфіры стала гучаць музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансляваць свае перадачы ў радыусе 300 вёрстаў, і гучалі яны ўсяго 30 хвілін за суткі. Не  наладжаны быў яшчэ і серыйны выраб радыёпрыёмнікаў.

Так пачыналася гісторыя Беларускага радыё ...

Сёння Беларускае радыё - гэта сучасная высокатэхналагічная структура, якая ўключае ў сябе 2 агульнанацыянальныя каналы і 3 радыёстанцыі.

Адным з прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё з'яўляецца папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры. Гэтую задачу сёння паспяхова выконвае канал "Культура".

З мая 1962 года вядзецца рэгулярнае вяшчанне на краіны далёкага замежжа. Сёння праграмы Радыё "Беларусь" гучаць у эфіры на васьмі мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай. Радыё "Беларусь" вяшчае таксама ў рэжыме рэальнага часу ў Інтэрнэце.

Беларускае радыё ўвесь час развіваецца. 12 ліпеня 2003 адкрылася радыёстанцыя "Радыус FM".

Карыстаецца папулярнасцю ў слухачоў і радыёстанцыя "Сталіца", якая асвятляе жыццё сталічнага рэгіёна.

Візітная картка Беларускага радыё - Першы нацыянальны канал - найбуйнейшы радыёканал Беларусі. У аснове вяшчальных прыярытэтаў - аператыўнасць, масавасць, даступнасць.

Сетка вяшчання заснавана на спалучэнні інфармацыйных, тэматычных і музычных перадач, арыентаваных на аўдыторыю слухачоў 35+.

У вяшчальным сезоне 2017-2018 на канале будуць выходзіць 57 арыгінальных праектаў рознай жанравай і тэматычнай скіраванасці ўласнай вытворчасці. Інфармацыйныя, аналітычныя, сацыяльныя праекты складуць 54 % ад агульнага аб'ёму вяшчання, культурна-пазнавальныя - 38 %, музычныя - 8 %.

Галоўны радыёканал краіны прапануе сваёй аўдыторыі разнастайны аналітычны кантэнт. Штодня ў эфіры Першага нацыянальнага можна пачуць цікавыя дыскусіі, кампетэнтныя і аўтарытэтныя эксперты з ліку палітолагаў выступаюць з актуальнымі каментарыямі па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. Канал рэгулярна вядзе прамыя радыётрансляцыі найважнейшых грамадска-палітычных падзей у жыцці Беларусі.

У аснове вяшчання Першага нацыянальнага - навінавыя радыёпраграмы, і ў новым сезоне на канале з'явіцца яшчэ больш эксклюзіўнай інфармацыі. Навіны гучаць у эфіры кожную гадзіну кругласутачна, а з кастрычніка з'явяцца і дадатковыя выпускі навін "Адным радком" пра галоўныя падзеі дня, якія будуць выходзіць унутры праграм.

Прадоўжаць выходзіць брэндавыя інфармацыйна-аналітычныя праграмы "Радыёфакт" і "Пастфактум", у якіх сталі традыцыйнымі прамыя ўключэнні рэпарцёраў з месцаў падзей. Нагадаем, уласныя карэспандэнты канала працуюць ва ўсіх абласцях краіны.

У эфіры з'явяцца два новыя пазнавальныя праекты. "Мой горад" - гэта штотыднёвая інфармацыйна-пазнавальная краязнаўчая праграма аб славутасцях і знакавых падзеях у рэгіёнах краіны. Пераемніцай праграмы "Для тых, хто дома" стане праект "Сямейная праграма". Тэматычная скіраванасць праекта захаваецца - гэта будзе штодзённая сацыяльная праграма аб падтрымцы інстытута сям'і ў грамадстве, сямейных каштоўнасцях і традыцыях, рэалізацыі дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі.

Важным эфірным сегментам канала застаюцца культуралагічныя праекты. Яны накіраваныя на захаванне і прымнажэнне нацыянальнай спадчыны Беларусі. У эфіры радыёстанцыі таксама з'явяцца асобныя выпускі "Навін культуры". Цікавым праектам для меламанаў заклікана стаць штотыднёвая музычна-пазнавальная праграма "Дыскавод" пра творчасць сучасных беларускіх музыкантаў.

У новым сезоне яшчэ больш спартыўных аглядаў. У кругласутачным рэжыме канал дазваляе балельшчыкам быць у курсе ўсіх падзей на спартыўных арэнах.

Зараз канал робіць стаўку на пашырэнне зваротнай сувязі з аўдыторыяй. У Першага нацыянальнага з'явяцца паблік-акаўнты ў папулярных месенджарах. На афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках і відэахостынгах можна знайсці яшчэ больш інфармацыі, якая, як правіла, не трапляе ў эфір. Адна з навінак - штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма "Сацыяльная сетка", заснаваная на каментарыях наведвальнікаў сайта www.radio1.by і старонак у Facebook, Twitter, YouTube, "Одноклассники", "ВКонтакте".

У папулярным праекце канала "Вітаем, віншуем, жадаем!" з'явяцца новыя формы для віншаванняў слухачоў.

У дзённым эфіры - штодзённы праект "Настрой!", напоўнены добрай музыкай, цікавымі тэмамі, інтэрактывам і цікавымі гасцямі, а ўдзельнікам праграмы зможа стаць кожны. Для гэтага дастаткова слухаць Першы нацыянальны і выконваць заданні, якія прапануюць вядучыя.

Нагадаем, сёння Першы нацыянальны канал мае самую шырокую трансляцыйную сетку ў краіне, яго можна слухаць практычна ў любым пункце Беларусі. Ахоп нацыянальнай аўдыторыі складае амаль 99,8 % - самы высокі паказчык сярод радыёстанцый. Акрамя таго, Першы нацыянальны з'яўляецца адзіным у Беларусі лічбавым радыё, якое транслюецца ў сацыяльным пакеце лічбавага тэлебачання Multiplex-1 DVB-T MPEG-4.

Быць даступным і заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць - усё гэта адлюстравана ў дэвізе Першага нацыянальнага канала "Будзем разам!".

Дырэктар Першага нацыянальнага канала БР: Васюкевіч Антон Барысавіч.
Наш сайт: radio1.by

Зараз у эфiры

09:40 Рэклама
Далей Далей


Кантакты

Беларускае радыё
вул. Чырвоная, 4, Мінск, 220807, Рэспубліка Беларусь 
Тэл.: 284 84 24
Факс: 290 62 42
E-mail: radio1@tvr.by