Экіпажы армейскай авіяцыі з Расіі сёння прыбылі ў Беларусь

12 сентября 2017

Паветраны і лётны эшалон будзе базіравацца на 50-й змяшанай авіябазе ў Мачулішчах. Да пачатку сумесных стратэгічных вучэнняў "Захад-2017" авіятэхніка, лётна-тэхнічны склад будуць знаходзіцца ў Мінскім раёне. Актыўны ўдзел падчас манеўраў будзе прымаць і ўвесь асабовы склад самой авіяцыйнай базы. Падобныя мерапрыемствы былі намечаныя ў плане падрыхтоўкі на 2017 год.

Андрэй Лук'яновіч, камандзір 50-й змяшанай авіяцыйнай базы: "Зараз цалкам ідзе размяшчэнне асабовага складу на фонды нашай авіяцыйнай базы, таксама задзейнічаная і авіяцыйная тэхніка на аэрадроме Мачулішчы. Ішла планавая падрыхтоўка, на сённяшні дзень авіяцыйная база гатовая ў поўным аб'ёме для правядзення сумесных стратэгічных вучэнняў".

І сёння ж пачаў сваю працу сайт, прысвечаны вучэнням "Захад-2017". На яго прасцей за ўсё патрапіць праз банар са старонкі Мінабароны. Партал уключае штодзённыя абнаўленні: прэс-рэлізы, фота- і відэаматэрыялы. Нагадаем, вучэнні "Захад-2017" стартуюць у чацвер на тэрыторыі Беларусі і Расіі. На акрэдытацыю падалі 270 заявак, сярод іх вялікая колькасць замежных СМІ: ад Канады да Швецыі і ад Катара да Японіі. На вучэнні "Захад-2017" запрошана і вялікая колькасць назіральнікаў - гэта і міжнародныя арганізацыі, і ваенна-дыпламатычныя карпусы краін, акрэдытаваных пры пасольствах у Беларусі.