26 красавіка Беларусь успамінае трагедыю на Чарнобыльскай АЭС. 38 гадоў таму адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа, якая падзяліла жыцці мільёнаў людзей на да і пасля. Па ўсёй краіне сёння праходзяць памятныя мерапрыемствы.
Памяць ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС ушанавалі сёння ў сталічным парку Дружбы народаў ля мемарыялаў "Ахвярам Чарнобыля" і "Камень міру Хірасімы". Аддаць даніну подзвігу ліквідатараў катастрофы прыйшлі дэлегацыі МНС, МУС, парламентарыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь. Удзельнікі ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі. Сёння аднаўленне пацярпелых рэгіёнаў і іх развіццё з'яўляецца прыярытэтнай задачай урада Беларусі.
Дзяржава ўклала каласальныя сродкі, рэалізавала некалькі дзяржпраграм, накіраваных на аднаўленне пацярпелых зямель. І дагэтуль уся краіна, як адзіны механізм, сістэмна і комплексна працуе над ліквідацыяй гэтых наступстваў. Шмат увагі таксама надаецца сістэме аховы здароўя, рэабілітацыі грамадзян, якія пражываюць на пацярпелых тэрыторыях, аднаўленню народнай гаспадаркі.