Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС закранула звыш 20 краін - найбольш пацярпела Беларусь

26 апреля 2024

Беларусь сёння ўспамінае трагедыю на Чарнобыльскай АЭС. Тэхнагенная катастрофа здарылася 38 гадоў таму. Радыеактыўнае воблака закранула звыш 20 краін, але найбольш пацярпела Беларусь - амаль чацвёртая частка ўсёй тэрыторыі. Наступствы аварыі ліквідавалі больш за паўмільёна чалавек. Сярод першых, хто апынуўся тады на месцы трагедыі, быў ураджэнец Гомельскай вобласці 25-гадовы Васіль Ігнаценка. Камандзір аддзялення ваенізаванай пажарнай часці Прыпяці атрымаў смяротныя дозы радыяцыі.

Сярод першых памяць ліквідатараў наступстваў аварыі сёння ўшанавалі ратавальнікі. У мерапрыемствах ля памятнай дошкі Васілю Ігнаценку прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ратавальнікі-ліквідатары, курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны, а таксама дэлегацыя МНС з Расіі.

Памятныя мерапрыемствы сёння праходзяць па ўсёй краіне. Ратавальнікі таксама сустракаюцца з ветэранамі - ліквідатарамі наступстваў тэхнагеннай катастрофы.