Сезон атракцыёнаў адкрыты ў парках Мінска

26 апреля 2024

Паркі імя Горкага, 900-годдзя Мінска, Уга Чавеса і Чалюскінцаў запаўняюцца наведвальнікамі. Сезон работы атракцыёнаў адкрыты. Спецыялісты правялі наладку абсталявання пасля раскансервацыі. У трох парках беларускай сталіцы да віражоў гатовы больш за паўсотні атракцыёнаў. Сярод новых аб'ектаў батутныя комплексы, сучасныя варыянты аўтадрома і "Вальса". Для наведвальнікаў толькі ў парку Горкага кружацца 30 атракцыёнаў.

Новыя элементы дапоўнілі і пляцоўку ў парку Горкага. Цяпер у "Лукамор'і" прапісаліся Жар-Птушка і Лясун. Для казачнага антуражу ўсталявалі дымагенератар. Паказ суправаджае светлавое шоу.

Прагучаў і першы акваакорд сезона. У сталіцы пачалі працаваць фантаны. 39 штучных крыніц ужо запусцілі сваю водную феерыю. Усе фантаны папярэдне прайшлі некалькі этапаў ачысткі і тэхнічнай падрыхтоўкі.