Дэлегацыя ЗША прыбыла ў Акадэмію навук

22 апреля 2015

Развіццё малога бізнесу ў навуковай сферы можа стаць адным з асноўных кірункаў супрацоўніцтва беларускіх і амерыканскіх навукоўцаў. Пра гэта сёння заявілі ў Акадэміі навук. Дэлегацыя са Злучаных Штатаў Амерыкі прыбыла ў беларускую сталіцу напярэдадні. Сваё знаёмства з развіццём беларускай навукі навукоўцы пачалі ў прэзідыуме, на выставе. Тут прадэманстравана каля сотні самых перспектыўных распрацовак нашых дактароў, акадэмікаў і аспірантаў. Прычым выключна тыя, якія ўжо ўдалося ўвасобіць у жыццё. У першую чаргу замежных калег цікавяць біятэхналогіі, фізіка, матэрыялазнаўства і металургія.

Уільям Калглейзер, сапраўдны член Амерыканскай асацыяцыі па прасоўванні навукі: "Мы захоплены развіццём навукі ў Беларусі. Таму сёння мы шукаем партнёраў менавіта тут. Навука зараз - гэта працэс глабалізацыі, таму не варта недаацэньваць яе ролю ў грамадстве. Тут навукоўцы паспяваюць за апошнімі сусветнымі тэндэнцыямі, таму мы тут. Увогуле ёсць шмат розных варыянтаў для супрацоўніцтва".

За некалькі дзён амерыканскія навукоўцы наведаюць некалькі інстытутаў Акадэміі навук. Пасля плануюць распрацаваць канкрэтны механізм супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. Не выключана, што тычыцца ён будзе, у тым ліку, абмену супрацоўнікамі і студэнтамі паміж універсітэтамі і навуковымі інстытутамі дзвюх краін па праграмах стажыровак.