Беларусь урачыста адзначыла Дзень Незалежнасці

6 Ліпеня 2019

Дата, якая аб'ядноўвае пакаленні! Наша краіна ўрачыста адзначыла Дзень Незалежнасці! 3-га ліпеня, 75 гадоў таму, беларуская сталіца была вызвалена ад захопнікаў. У знак падзякі ўсім, хто абараняў краіну,  у Мінску да падножжа манумента Перамогі ўсклалі кветкі. Як сімвал адвагі і непакорнасці. Да абеліска па чарзе прыходзілі дэлегацыі:  кіраўніцтва горада, спартсмены, моладзь, школьнікі… Усе, хто памятае.   

Падзеі 44-га ўзгадвалі і на святочных пляцоўках. Партызанскія зямлянкі ўсталявалі ў парку Перамогі, там жа разбілі палявы лагер. Атмасферу Дня Незалежнасці можна было адчуць ва ўсіх раёнах горада. 

Кульмінацыяй 3-га ліпеня стаў ваенны парад. Сотні адзінак тэхнікі, зладжаныя рухі роты ганаровай варты і ў фінале - тэатралізаваны эпізод "Беларусь гераічная". Паўтысячы артыстаў адлюстравалі гісторыю адважнай барацьбы за незалежнасць роднай краіны.

А пасля  тысячы галасоў ва ўнісон  спявалі гімн разам.  У знак адзінства і адзінай памяці розных пакаленняў.