У Мінску выбралі віртуозаў руля

12 июля 2017

Віражы і гул матораў. У Мінску выбралі віртуозаў руля. Фінал экстрэмальных аўтагонак сабраў лепшых пілотаў. Дрыфт быў даступны і гледачам - такі атракцыён ладзілі самі вадзіцелі- экстрэмалы.

Гоначную трасу пратэсціраваў і Ян Пашкевіч. Аўтамабільны вальс вакол конусаў, гумавыя графіці на асфальце і машыннае радэа на віражах - выпрабаванні хуткасцю і фінтамі на палігоне пад Мінскам прайшлі амаль два дзясяткі лепшых аўтаэкстрэмалаў Беларусі.

Тут жа, як жартуюць удзельнікі заездаў, расход машын вымяраецца не ў паліве, а ў колькасці камплектаў машыннай гумы.

Гоначнага кругазвароту не вытрымлівалі і аўто – рамонтны піт-стоп разгарнулі самі аўтакаскадзёры. Дарэчы, дыягназ свайму баліду Дзмітрый Баркан і Аляксей Каралёў ставяць на хаду. Перад аўтагонкамі пілоты асвоілі і аўтамадэлізм – машына цалкам ручной зборкі.

А вось аўталайнер Аляксандра Шурына з круізнага перайшоў на турбарэжым. 30- гадовае "шэўрале" ў маладзёжную субкультуру ўпісалася адразу – добрую фізічную форму дэманструе нават па-за трасай.

Тут жа працавала і паслуга экстрым-таксі. Утрымацца ж у сядле падчас аўтарадэа дапаможа толькі рэмень бяспекі.

Дарэчы, гэты аўтаслалам стаў фінальным заездам у сезоне – галавакружныя відовішчы на гоначныя палігоны вернуцца наступнай вясной.