У Мінску адкрылася штогадовая выстава "Млын"

18 декабря 2015

Навагодняя магія і калядны цуд. Сёння ў Мінску адкрылася штогадовая выстава твораў прыкладнога мастацтва «Млын». Адна пляцоўка аб'яднала больш за 500 майстроў з усёй краіны. Для наведвальнікаў працуюць майстар-класы па фларыстыцы, дэкупажы, скрапбукінгу і лепцы. Надзея Сербіненка адной з першых наведала выставу.

Нягледзячы на традыцыйнае багацце ідэй, выстава кожны год здзіўляе незвычайнасцю работ. Маляўнічыя габелены, вырабы са шкла і гліны, разнастайныя лялькі - усе гэта можна набыць у аўтара твора.

Працы Станіслава Нікановіча з палімернай гліны вылучаюцца рэалістычнасцю і доляй іроніі. Міні-версіі знакамітых артыстаў, спевакоў, палітыкаў майстар звычайна ўручае сваім натхняльнікам асабіста. Таму і гэту статуэтку майстар плануе падарыць акцёру Джоні Дэпу асабіста.

Аўтарскія шкатулкі, мудрагелістыя лямпы і куфэркі з сакрэтамі нібы з'явіліся з кніжных раманаў. Карціны з нітак і цвікоў, саматканыя стужкі і нават кампазіцыі з частак аўтамабільнага рухавіка - усё гэта зноў здзіўляе наведвальнікаў «Млына».

Прыемным сюрпрызам для наведвальнікаў стаў ўдзел у выставе і беларускіх артыстаў. Творчыя асобы з задавальненнем радуюць людзей не толькі музыкай і песнямі, але і самабытнымі творамі мастацтва. Аўтарскія ўпрыгажэнні і аксесуары ручной працы прэзентуе спявачка Галіна Шышкова, а Венера - дызайнерскія сукенкі і паліто.

Майстроў Брэсцкай вобласці на «Млыне» прадстаўляе ганцавіцкі Дом рамёстваў. Наталля Рабцэвіч - ткачыха ў пятым пакаленні. Сваімі ўменнямі яна дзеліцца і з наведвальнікамі выставы падчас майстар-класаў.

Удзельнікам творчага працэсу можа стаць кожны. Майстар-класы па фларыстыцы, батыку, дэкупажы, скрапбукінгу, лепцы, чаканцы і ліцці падрыхтавалі майстры выставы. Экспазіцыя твораў ручной працы будзе працаваць у выставачным павільёне «Белэкспа» да 20 снежня.