У Мінску збіраюць подпісы за захаванне пасёлка трактарабудаўнікоў

1 марта 2017

Гісторыя ці сучаснасць? Крэатыўнасць або вывераны разлік? У Мінску збіраюць подпісы за захаванне пасёлка трактарабудаўнікоў. У перспектыве на яго месцы могуць з'явіцца новыя будынкі з развітой інфраструктурай. Зрэшты, многія жыхары гэтаму зусім не рады. Аблічча раёна дагэтуль захоўвае атмасферу пасляваенных гадоў. Вось толькі шматлікія будынкі ўжо парадкам састарэлі і востра патрабуюць рамонту. Што чакае сталічны раён? Высвятляла Улада Карніцкая.

Некалькі дзясяткаў чорна-белых фатаграфій для Надзеі Ярмак не проста памяць - сапраўднае ўвасабленне ўсяго яе васьмідзесяцішасцігадовага жыцця. Юнацтва, пяшчотная закаханасць, замужжа, нараджэнне доўгачаканага сына, гады працы на трактарным заводзе. І ўсё гэта звязана з адзіным месцам - пасёлкам трактарабудаўнікоў, у якім жанчына пражыла 65 гадоў.

Усё гэта было пасля Вялікай Айчыннай. На гэтым месцы пачалося ўзвядзенне трактарнага завода. А побач - пасёлак для будучых яго працаўнікоў - вышынныя сталінкі ў стылі ампір, у цэнтры - вуліца Кашавога і жылыя двухпавярховыя дамы. Увесь пасёлак, на думку сучасных спецыялістаў, - гэта ўнікальны архітэктурны ансамбль.

Сёння сапраўдны набытак сацыялістычнай забудовы можа знікнуць.

Марк Шумячэр, галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі пасёлка трактарабудаўнікоў: "Улічваючы тое, што гэтыя дамы маральна і фізічна састарэлі, яны прыйшлі ўжо ў непрыдатнасць, то эканамічна больш мэтазгодна было іх знесці, але замест іх пабудаваць дамы з дахамі".

Марк Шумячэр над праектам рэканструкцыі пасёлка трактарабудаўнікоў працаваў яшчэ каля 10 гадоў таму. На чарцяжах разбіў яго на сектары, у квартале А - у межах вуліц Шчарбакова - Клумава - Чабатарова - Стаханаўскай, паводле задумкі, замест наяўных чатырох тысяч двухсот метраў жылля горад атрымае ў пяць разоў больш: на месцы ўтульных двухпавярховых дамоў з'явяцца сяміпавярховыя.

Яшчэ не так даўно ў гэтым квартале віравала жыццё. Дзеці гулялі ў двары, дарослыя, як успамінаюць мясцовыя, сябравалі сем'ямі. Зараз дамы спусцелі, вокны забітыя, дзверы завараныя. Апошняя сям'я пераехала адгэтуль усяго некалькі месяцаў таму.

Па сутнасці, цэлы квартал проста ў горадзе стаў прывідам. Асаблівая атмасфера прыцягнула турыстаў.

Віктар Жыбуль экскурсіі ў пасёлку праводзіць амаль кожныя выхадныя. Каб увесь пасёлак з яго больш як паўвекавой гісторыяй не згінуў, яго жыхары аб'ядналіся і пачалі збіраць подпісы, каб звярнуцца да ўлад. Самі жыхары прапаноўваюць зрабіць у старых будынках крэатыўную прастору на ўзор Захаду. Але ці выгадна гэта эканамічна, трэба высвятляць спецыялістам. Рашэнне не простае, асабліва калі ўлічыць, што рэканструкцыя - праект вельмі дарагі. А новыя дамы - гэта яшчэ і дадатковыя квадратныя метры для Мінска. Ці апраўданая такая ў прамым сэнсе дарагая гісторыя, пытанне застаецца адкрытым.