У крыпце Усіхсвяцкага храма прайшла цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месцаў воінскай славы

10 мая 2020
Эмацыйная і знакавая падзея адбылася і напярэдадні вялікай даты. У крыпце Усіхсвяцкага храма прайшла цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месцаў воінскай славы. Гэта своеасаблівы народны архіў. З кожным годам, на жаль, усё менш і менш відавочцаў тых трагічных падзей. Адзінай сведкай застаецца зямля... 

Акцыя "У славу агульнай Перамогі" аб'яднала сотні населеных пунктаў - ад абласных гарадоў і сталіцы да невялікіх вёсак. Кульмінацыя адбылася ў пятніцу. 7 капсул з абласных цэнтраў, Мінскай вобласці і сталіцы даставілі з асаблівымі ўшанаваннямі верталётам. Кіраўнік дзяржавы заўсёды падтрымлівае крокі па ўвекавечванні гераічных намаганняў нашых суайчыннікаў, а таму, вядома, далучыўся да цырымоніі. 

У капсулах захоўваюцца жмені зямлі, сабранай на палях бітваў, у канцлагерах, месцах катаванняў. Ахапкі кветак, малітвы і свечкі ў памяць аб людзях, якія ахвяравалі ўласным жыццём, маладосцю, марамі ў імя Перамогі.

У нішах ушанаваная памяць воінаў і нявінных ахвяраў фашысцкіх акупантаў не толькі з Беларусі, але і гарадоў-герояў Расіі, Украіны, іншых замежных дзяржаў. Крыпта Усіхсвяцкага храма сімвалізуе злучэнне мінулага з сучаснасцю і сучаснасці з будучыняй. Гэта не проста месца духоўнасці і смутку - крок за крокам, па драбінцы тут фарміруюць новую культуру нацыянальнай памяці. 

Пасля Кіраўнік дзяржавы цёпла пагутарыў з актыўнымі ўдзельнікамі акцыі "У славу агульнай Перамогі" і вернікамі Усіхсвяцкага храма. Падзея кранальная: народная памяць здабыла сваё ганаровае месца.