У Агенцтве тэленавін упершыню прайшлі стажыроўку 7 чалавек з Беларускага таварыства глухіх

23 апреля 2019

У Агенцтве тэленавін упершыню прайшлі стажыроўку 7 чалавек з Беларускага таварыства глухіх, якія хочуць стаць тэлеаператарамі, вядучымі і карэспандэнтамі. Пра незвычайную ініцыятыву  рэпартаж Таццяны Нікіцінай. 

Аляксандр Козіч - майстар спорту міжнароднага класа, інструктар па лёгкай атлетыцы. Але хобі ў яго не спартыўнае. Малады чалавек захапіўся журналістыкай. Упэўнены: і для такіх, як ён, у гэтай прафесіі не павінна быць перашкод. А атрымліваць інфармацыю і тым больш  дзяліцца навінамі  можа навучыцца любы чалавек.

У захапленні аператарскай справай Аляксандра падтрымліваюць жонка Галіна і чатырохгадовы сын Максім. Бо гэта не проста хобі, а новая прафесія. Міжнародны жэст, якім вітаюць глухіх людзей (рукі  паднятыя, далоні  раскрытыя), выкарыстоўваецца падчас урачыстых падзей і можа замяняць апладысменты. На мове жэстаў у Беларусі размаўляюць 10 з паловай тысяч чалавек. Менавіта столькі глухіх у нашай краіне. І толькі 63 спецыялісты, якія ажыццяўляюць пераклад. Гэтую праблему неабходна вырашаць ужо цяпер.


Летась у  снежні каманда з Беларускага таварыства глухіх падала заяўку на ўдзел у найбуйнейшым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Ідэя глабальная - стварэнне медыярэсурсу "Дыф Ньюс Беларусь", які мог бы ў поўнай меры інфармаваць людзей са слабым слыхам: навіны, інтэрв'ю, важныя падзеі. Праект дайшоў да фіналу, а яго ўдзельнікі атрымалі ўнікальную магчымасць  прайсці стажыроўку ў Агенцтве тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. 

За тры тыдні ў Белтэлерадыёкампаніі каманда прайшла шырокае шматфункцыянальнае навучанне. Выязджалі на рэпартажы разам з карэспандэнтамі АТН, вучыліся працаваць на здымачнай пляцоўцы, спасцігалі асновы напісання тэкстаў, відэаздымкі, мантажу і графікі. 

Са з'яўленнем медыярэсурсу "Дыф Ньюс Беларусь" тысячы глухіх фактычна здабылі магчымасць… быць пачутымі! Хаця на здымачнай пляцоўцы часам  без практыкі цяжка знайсці і агульную мову, каб працаваць зладжана і быць у цэнтры падзей. А потым расказаць пра  тое, што даведаўся сам, бо добрыя навіны не могуць чакаць.