Тэхнагенная катастрофа згуртавала тады яшчэ вялізную савецкую краіну

1 мая 2016

Амаль як у часы Вялікай Айчыннай. Хіба што радыяцыя - вораг нябачны. Ударныя дозы апраменьвання атрымлівалі тыя, хто першым выйшаў на агнявую мяжу. Акрамя ваеннаабавязаных былі і тыя, хто не даваў прысягу - ліквідатары палітычных наступстваў, культурны дэсант. Тыя, хто спыняў паніку хоць бы адной сваёй прысутнасцю. Ужо летам 86-га ў 30-кіламетровай зоне рэгулярна праходзілі канцэрты. Іосіф Кабзон, Ала Пугачова, "Песняры"... Яшчэ адна мяжа чарнобыльскай гісторыі. Аб гастролях з рызыкай для жыцця - рэпартаж Ніны Мажэйкі.

Гастролі з асадкам. Удзельнік залатога складу ВІА "Песняры" Уладзіслаў Місевіч успамінае гэту паездку з хваляваннем.

Поўныя стадыёны - людзі ў форме і ватна-марлевых павязках. Рэдкая фотахроніка выступлення ў Хойніках. Гэта было ў маі 86-га - у першыя тыдні пасля катастрофы. Чорна-белыя кадры зрабіў фатограф, які правёў уласнае расследаванне.

Уладзіслаў Місевіч, заслужаны артыст БССР, удзельнік ВІА "Пясняры" (1968-1992 гг.): "Усё на здагадках, усё на недагаворваннях, усё на нейкіх паўсловах. І самі выцягвалі інфармацыю. Усё ж у нас тады была звычка верыць газетам, тэлебачанню, радыё. Усё замоўчвалася".

Мулявін адрэагаваў адным з першых. Не паехаць калектыў проста не мог. Гадзіна і сорак хвілін пад пякучымі промнямі сонца - грамадзянскі доўг, як бы пафасна не прагучала.

"За актыўны ўдзел у культурным абслугоўванні работнікаў раёнаў зоны ЧАЭС" - ганаровая грамата з асабістага архіва кампазітара Валерыя Галаўко. Ніякіх бонусаў за выступленне, вядома, не было, але гэтыя гастролі без перабольшання можна назваць найважнейшымі ў творчай кар'еры.

Артысты з усяго Саюза балансавалі сярод пялёсткаў "радыеактыўнага рамонка" - так спрашчалі схему заражанай зоны. 30-кіламетровую мяжу пераступалі і беларускія артысты. Трупа музычнага тэатра, а ў 86-м Дзяржаўнага тэатра музкамедыі, ужо ў чэрвені была ў Кіеве. Прэстыжныя гастролі, пра якія марылі да катастрофы, у адно імгненне аказаліся незайздроснымі.

Уладзіслаў Казінец, дырэктар класічнага балета Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра: "Калі мы селі ў цягнік Мінск - Кіеў, у нас было выдатны настрой. Мы ехалі на гастролі, мы марылі трапіць у горад Кіеў - гэта заўсёды было прэстыжна для ўсіх тэатраў рэспублікі. Але што мяне ўразіла, калі цягнік наш раніцай прыйшоў на вакзал Кіеўскі, нас уразіла, што самі кіяўляне проста ўцякалі з горада, яны штурмавалі цягнікі. Там столькі людзей было на вакзале. Яны ўсе імкнуліся з'ехаць".

Васіль Сердзюкоў, заслужаны артыст Беларусі: "Праз некаторы час мы трапілі з канцэртамі ў саму Прыпяць. Мы далі адзін канцэрт у зале, але яна была настолькі перапоўненая, што другі канцэрт мы далі, паставілі некалькі машын, на вуліцы. Народу было вельмі шмат. На гэтых машынах паставілі фартэпіяна, у нас канцэртмайстар быў добры. Мы танцавалі, спявалі і ігралі".

Вось гэтая фатаграфія зроблена ва ўжо эвакуіраванай Прыпяці - самым маладым горадзе Савецкага Саюза. Сярэдні ўзрост жыхароў - 26 гадоў. Але акрамя ліквідатараў наступстваў выбуху тут нікога не знайсці.

Нават на чорна-белых фота бачныя салісты без усялякіх сродкаў абароны. Інструктаж, вядома, праводзілі. Ні есці, ні піць, кветак ні браць, адзенне пасля вяртання спаліць. Але не ў правілах артыста выступаць у ватна-марлевых павязках.

Апельсіны і Пугачову. Такі немудрагелісты райдар у ліквідатараў выбуху ў Чарнобылі. Байцы неаб'яўленай вайны з радыяцыяй, вядома, рабілі цуды, часта цаной сваіх жыццяў, але нават героі - усе ж людзі. Апроч ударных доз радыеактыўных рэчываў у якасці кампенсацыі - канцэрт Прымадоны савецкай эстрады ў "падарункавым наборы".

Свае 3 гадзіны апраменьвання славай Ала Барысаўна правяла ў пасёлку Зялёны Мыс. Гэты канцэрт 8 верасня 86-га здымала ўкраінскае тэлебачанне. Пугачова ў сваім рэпертуары - жартуе і запрашае мужчын на танцы.

Падбадзёрвала не толькі Ала Барысаўна. На відэа 30-гадовай даўнасці можна пазнаць і Барыса Майсеева, тады яшчэ ў складзе трыа "Экспрэсія", і Уладзіміра Кузьміна. Сама ж Пугачова прызнаецца пазней: гэта паездка не прайшла бясследна ні для гледачоў, ні для яе. Эндакрынная сістэма і змяненні з голасам - вынік чарнобыльскіх гастроляў.