Падзеі тыдня з жыцця Палескага рэгіёна - у нашым традыцыйным дайджэсце

21 марта 2020
У Гомельскай вобласці пусцілі патокі рачной вады ў буйное вадасховішча і адкрылі шлях транспартнай плыні праз новы мост. Як гэта адаб’ецца на сельскай гаспадарцы і аўтамабільных зносінах асобных раёнаў - аб гэтым і іншым з жыцця Палескага рэгіёна - у нашым традыцыйным дайджэсце. 


У Лоеўскім раёне распачалося напаўненне Днепра-Брагінскага вадасховішча


Сёлета сюды плануюць запампаваць не менш як 20 мільёнаў кубаметраў дняпроўскіх вод. Зараз дзеля гэтага запушчаны 4 рухавікі. Кожную секунду яны перапампоўваюць больш як 7 тон рачной вады. Плошча Днепра-Брагінскага вадасховішча - амаль 970 гектараў. Сёлета вадаём напоўняць напалову. Гэта дазволіць палепшыць гідралагічную сітуацыю ў рэгіёне і станоўчым чынам адаб’ецца на ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Запампоўку вады будуць праводзіць бліжэйшыя паўтара месяца.


У Рагачове далі зялёнае святло транспартнаму патоку

Адкрылі рух па новай аб'язной дарозе і аўтамабільным мосце цераз Днепр. Ён часова звязаў берагі, пакуль будуецца новая капітальная канструкцыя. На яго ўзвядзенне з уладкаваннем пад'язной дарогі спатрэбілася каля пяці месяцаў. Паводле слоў спецыялістаў "Гомельаўтадара", мост працягласцю больш за 288 метраў паспяхова прайшоў выпрабаванні пад нагрузкай колавага транспарту. Адкрыты рух у двух напрамках.

Тым часам спецыялісты санэпідэмстанцый раяць перагледзець свае маршруты і адмовіцца ад наведвання лясоў. У Гомельскай вобласці актывізаваліся кляшчы. З пачатку года ад іх укусаў ужо пацярпелі 20 жыхароў рэгіёна. Большасць - наведвальнікі лясоў і дачнікі. Спецыялісты папярэджваюць: насякомыя могуць заразіць клешчавым энцэфалітам, хваробай Лайма і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі. Таму пасля ўкусу неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача. Максімальны прафілактычны эфект дасягаецца, калі лячэнне пачата ў першыя 72 гадзіны. 

Не менш важнай на тыдні была і тэма выхавання дзяцей. Яе абмеркавалі на так званай  “Мужчынскай размове”. Арганізатарам сустрэчы выступіў Савет бацькоў. З ім за круглым сталом сустрэліся прадстаўнікі мясцовых улад, сілавых ведамстваў і маладзёжных арганізацый. Падчас сустрэчы абмеркавалі ролю мужчыны ў выхаванні дзяцей. Кожны з удзельнікаў мог падзяліцца вопытам і ўласным поглядам на праблемы ўзаемаадносінаў бацькоў і дзяцей. Асаблівая ўвага – тэме пераходнага ўзросту цяжкіх падлеткаў. Мужчынская размова - фармат унікальны. У Беларусі такая сустрэча арганізавана ўпершыню.  

Сёлета ў планах Савета бацькоў - увасобіць вялікі план культурных і спартыўных мерапрыемстваў для дзяцей з іх татамі. Гэта стане элементам карыснай занятасці падлеткаў і павысіць статус сям’і і менавіта бацькоўскага выхавання.