У Віцебскай вобласці ўпершыню з'явіліся медыцынскія студэнцкія атрады

27 мая 2015

Тысячы маладых людзей па ўсёй краіне летам будуць працаваць у складзе студэнцкіх атрадаў. Толькі ў Віцебскай вобласці сёлета першую працоўную загартоўку атрымаюць 4 тысячы юнакоў і дзяўчат. Упершыню ў рэгіёне з'явіліся медыцынскія студэнцкія атрады.

Пра рамантыку працоўных будняў распавядзе Вольга Маслоўская.

Замест спяцоўкі белы халат і бахілы. А ў астатнім звычайны студэнцкі атрад незвычайнага профілю. Будучыя ўрачы, яны ж байцы студатрада "Буравеснік", практычна месяц працуюць у Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Днём экзамены, ноччу дзяжурства. Не самы лёгкі графік, але вопыт таго варты, гавораць студатрадаўцы. Да таго ж праца будучых медыкаў аплачваецца.

Месца працы 4-курсніка Паўла Вараб'ёва - траўмапункт. Абавязкі - запаўненне дакументацыі, медыцынскіх карт і накіраванняў - не ўшчамляюць самалюбства будучага хірурга-траўматолага.

У адміністрацыі студатрадаўцы на добрым рахунку. Энергічныя, адказныя. Дзяжурствы і выхадныя - па графіку. Зарплата і прэміі як у штатных супрацоўнікаў.

Студэнцкія атрады медыцынскага профілю ў Віцебскай вобласці з'явіліся ўпершыню. Наогул студатрадаўскі рух аб'ядноўвае 11 тысяч юнакоў і дзяўчат, якія жывуць у Прыдзвінні. Праца ў сельгасарганізацыях, дзіцячых аздараўленчых лагерах, на чыгунцы ў якасці праваднікоў - дзясяткі прадпрыемстваў і арганізацый паўночнага рэгіёна прапаноўваюць вакансіі для маладых і актыўных.

У год 70-годдзя Вялікай Перамогі студатрадаўцы Віцебскай вобласці паставілі перад сабою яшчэ адну задачу. У рэгіёне вядзецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Прарыў". Частку заробленых на працягу працоўнага семестра грошай студэнты пералічаць на абнаўленне мемарыяла.