Памерла яшчэ адна пацярпелая пры выбуху на Скідальскім цукровым камбінаце

10 марта 2017

Яшчэ адна пацярпелая пры выбуху на Скідальскім цукровым камбінаце памерла сёння ў мінскай бальніцы. Паведамляецца, што загінуўшай жанчыне быў 51 год. Гэта ўжо другая ахвяра здарэння на прадпрыемстве. На мінулым тыдні ў гродзенскай бальніцы памерла 43-гадовая пацярпелая. У яе засталіся двое дзяцей.

Нагадаем, ноччу 25 лютага на прадпрыемстве адбыўся выбух пылапаветранай сумесі. Пяць работніц камбіната атрымалі апёкі ад 50 % цела і вышэй, а таксама баратраўмы. Дзве з іх праходзяць лячэнне ў бальніцы Мінска, адна - у гродзенскай БХМД. Усе знаходзяцца ў цяжкім стане. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Службовая халатнасць". Ён прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.