Сезон восеньскіх сельгаскірмашоў стартуе заўтра па ўсёй Беларусі

9 сентября 2016

У Мінску будзе задзейнічана 14 пляцовак. Сваю прадукцыю жыхарам сталіцы прапануюць больш як тысяча вытворцаў. Цэны павінны парадаваць. У сярэднім прадукцыя будзе таннейшая на 15-29%. Каля Палаца спорту разгорнецца "Свята хлеба". Здобныя вырабы прапануюць адразу 6 сталічных хлебакамбінатаў. Падрабязнасці святочных мерапрыемстваў - у Аляксандра Хараўца.

Бульба, морква, бурак, грушы і яблыкі. Гомельскія аграрыі сёлета сабралі выдатны ўраджай. Першая партыя прадукцыі - а гэта больш як 5 тон - ужо спакаваная і чакае адпраўкі ў сталіцу. Літаральна праз 12 гадзін яе змогуць ацаніць і мінчане.

Сваю прадукцыю мінчанам прапануюць больш за тысячу вытворцаў - мёд, сезонная гародніна, свежы хлеб, шашлык, вяленае і вэнджанае мяса, рыба. Пачастункі з усіх куткоў Беларусі можна будзе купіць на шасці пляцоўках у сталіцы.

Кірмаш з Брэсцкай вобласці чакае гасцей па адрасе праспект Любімага, 26. Віцебскія малако, сыры, тварог і шматлікае іншае можна будзе купіць каля Лядовага палаца. Тавары Гомельскага рэгіёна - ля Палаца чыгуначнікаў. Гродзенцы разгорнуць гандлёвыя рады на пляцоўцы каля кінатэатра "Салют". Магіляўчане - на бульвары Трактарабудаўнікоў. Аграрыі цэнтральнага рэгіёна прапануюць сваю прадукцыю ў парку Дружбы народаў.

Самыя вялікія гандлёвыя пляцоўкі з'явяцца ў трох месцах горада.

Гародніна, садавіна і тавары лёгпрама - ля ДК МАЗ на Партызанскім праспекце. Ля "Чыжоўка-Арэны" разам з сезонным распродажам разгорнецца і рыбны кірмаш. А ля Палаца спорту ўраджай скідак заправяць святам хлеба.

Тут выпечка - на любы густ. А для гурманаў - хлеб ручной працы. Ніна Васілеўская ганарыцца сваім караваем. Напярэдадні кірмашу заканчвае - без перабольшання - свой твор мастацтва. Упрыгожвае кветкамі метровы каравай, які нагадвае сапраўдную вазу.

Хлеб "Даўгалет", слойка "Стольная", торт "Мора шчасця". Толькі гэтае прадпрыемства прапануе 15 навінак хлебабулачных вырабаў. Ужо заўтра мінчане і госці сталіцы змогуць не толькі паспытаць гэтыя кулінарныя шэдэўры, але і стаць сапраўднымі пекарамі і кандытарамі. На працягу двух дзён лепшыя спецыялісты правядуць майстар-класы па выпечцы.

Цэны на кірмашы не проста парадуюць, а прыемна здзівяць. А тым, хто купіць столькі, што не падняць, дапамогуць. Усё даставяць прама да пад'езда.

На два дні Мінск ператворыцца ў вялікую канцэртную пляцоўку. Святочную атмасферу будуць ствараць творчыя калектывы з усёй краіны. Арганізатары абяцаюць добры настрой кожнаму, хто ў выхадныя дні ўпадабае застацца ў горадзе.

Рэпетыцыі - кожны дзень, падганянне касцюмаў, адточванне рухаў. Да свайго выступлення ля Палаца спорту гэтыя юныя артысты рыхтуюцца не адзін тыдзень.

А ўжо 11 верасня свята будзе літаральна ў кожным кутку сталіцы. У дзень выбараў на ўчастках для галасавання разгорнуцца гандлёвыя рады і канцэртныя пляцоўкі.

У дзень выбараў участкі для галасавання адкрыюцца ў 8 раніцы і завершаць сваю працу ў 20:00. На працягу дня мінчане змогуць не толькі зрабіць свой выбар, але і добра правесці час.