Непагадзь выпрабоўвае на трываласць ЗША і Еўропу

8 октября 2016

Ахвярамі ўрагану "Мэцью" ў Фларыдзе сталі 4 чалавекі. Звыш мільёна жылых дамоў у гэтым штаце засталіся без электрычнасці. На шчасце, на дадзеным этапе магутнасць урагану навукоўцы знізілі з 3 да 2 узроўню, што дае надзею Паўночнай і Паўднёвай Караліне - штатам, дзе стыхія сёння яшчэ толькі пачынае ўваходзіць у сілу. У Польшчы з наступствамі непагадзі (снег і моцныя дажджы) зараз спрабуюць справіцца камунальнікі, а сіноптыкі не спяшаюцца радаваць. Паводле іх слоў, Еўропу сёлета чакае вельмі суровая зіма. Больш падрабязна - у рэпартажы Аляксандры Пінчук.

Монстрам назвалі ў ЗША ураган "Мэцью", які прынёс у Фларыду вельмі моцныя вятры, хуткасць парываў якіх перавышала 200 кіламетраў за гадзіну.

У сувязі з набліжэннем урагану "Мэцью" Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Барак Абама ўвёў у канцы тыдня надзвычайнае становішча ў 4 штатах - Джорджыя, Фларыда, Паўночная і Паўднёвая Караліна. Ураган "Мэцью", які праходзіць ля ўсходняга ўзбярэжжа ЗША, эксперты завуць самым магутным у Атлантыцы з 2007 года. На тыдні яму была прысвоеная чацвёртая з пяці магчымых катэгорый. Праўда, ужо сёння раніцай ураган саслаб да другой катэгорыі. І некаторыя жыхары Фларыды вырашылі ўсё-такі застацца дома.

Ахвярамі ўрагану "Мэцью" на Гаіці сталі ўжо больш за 800 чалавек. Супрацоўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа асцерагаюцца, што пацярпелым раёнам пагражаюць усплёскі эпідэмій. Найболей верагодная з іх - захворванне на халеру. Арганізацыя ў экстранным парадку вылучыла астраўной дзяржаве амаль 7 мільёнаў долараў.

Паміж тым, у Польшчы працягвае бушаваць непагадзь. У горных рэгіёнах краіны выпаў і першы снег. Багатыя снегапады ў рэгіёне Падгалье на поўдні краіны нават паралізавалі дарожны рух амаль на суткі. Багатыя снегапады і маразы таксама заспелі падарожнікаў у польскіх Татрах. І, паводле слоў сіноптыкаў, падобнае надвор'е захаваецца на найбліжэйшыя некалькі дзён.

Пры гэтым на польскім узбярэжжы працягвае бушаваць моцны вецер. У Паморскім і Заходне-Паморскім ваяводствах штормам было паваленае мноства дрэў. Былі таксама пашкоджаныя ўзбярэжныя будынкі. У Одэры перавышаны бяспечны ўзровень вады. У сувязі з гэтым улады прынялі рашэнне часова зачыніць мост, які вядзе на нямецкі бераг ракі.

Спецыялісты ж раяць еўрапейцам рыхтавацца да шматмесячных маразоў і снегападаў. Паводле слоў метэаролагаў, зіма 2016-2017 стане адной з самых халодных за шматлікія 10-годдзі. Спецыялісты папярэджваюць, што нас чакаюць люты мароз, багатыя снегапады і моцныя завеі, і прадоўжыцца ўсё гэтае тры або нават чатыры месяцы. Цяжэй за ўсё, паводле слоў сіноптыкаў, гэтай зімой прыйдзецца жыхарам Заходняй Еўропы, якія даўно адвыклі ад суровых зім, а ў камунальнікаў гэтых тэрыторый могуць з'явіцца праблемы з-за дэфіцыту снегаўборачнай тэхнікі.