Збор бярозавіку ў лясніцтвах Мінскай вобласці сёлета пачаўся на два тыдні раней за звычайнае

5 марта 2020
Спецыялісты звязваюць гэта з анамальна цёплай зімой. 

Пакуль сок ідзе не вельмі хутка, начныя замаразкі стрымліваюць. Але наперадзе нарыхтоўка карыснага напою ў прамысловых маштабах. Да  аднаго з першых  сакавітых рэйдаў далучыўся  Ілья Цвяткоў.

У Мінскай вобласці збіраюць бярозавы сок

Іван Касач пачынае вясновы сезон традыцыйна са збору бярозавіку. Але так рана падсочваць дрэвы яшчэ не даводзілася: цёплае надвор'е дазволіла гэта зрабіць на пачатку сакавіка - на два тыдні раней за звычайнае. Пад наглядам Заслаўскага лясніцтва - цэлыя бярозавыя гаі па некалькі дзясяткаў дрэў. Кожнае трэба папярэдне агледзець і падрыхтаваць. А затым ужо акуратна спускаць сок, выконваючы ўсе правілы, каб не пашкодзіць расліну.

Збіраюць сок максімальна асцярожна і толькі на пэўных участках. 

Аляксандр Картавік, ляснічы Заслаўскага лясніцтва: "Выбіраем дрэвы дыяметрам 20 сантыметраў. Робім адзін або два прапілы ў залежнасці ад таўшчыні кары. Адлегласць восем - пятнаццаць сантыметраў ад прапілу да прапілу. Ад зямлі на вышыні не меней як трыццаць-пяцьдзясят сантыметраў".

Месцы, дзе сок можна сабраць самастойна, неабходна абавязкова ўдакладняць у лясніцтвах. За незаконнае падсочванне можна атрымаць штраф.

Уладзімір Грыневіч, вядучы інжынер Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання: "Будзе здзяйсняцца падвоз і рэалізацыя соку грамадзянам. У тары і пяцілітровыя бутэлькі. Цана будзе 40 капеек для жыхароў Мінска і рэгіёнаў побач. А калі пакупнікі захочуць сок на пасецы адразу пераліць з пакета - танней будзе на 10-15 працэнтаў".

З аднаго дрэва зараз можна атрымаць прыкладна чатыры - пяць вось такіх поліэтыленавых пакетаў. А гэта каля ста пяцідзесяці літраў свежага соку. Дарэчы, самы смачны сок рэкамендуюць збіраць на ўзвышшах, як тут.

Пасля збору бярозавы фрэш адправяць на перапрацоўку. Частка пойдзе на экспарт. За мяжой ужо ацанілі смак беларускага соку, у тым ліку з дабаўленнем граната, яблыка і чарніц.