Мінск адзначае свой 946-ты дзень нараджэння

14 сентября 2013
Гулянні і святочныя мерапрыемствы ў гэтыя хвіліны працягваюцца літаральна на ўсіх пляцоўках. Пешаходная Карла Маркса - ва ўладзе вулічных тэатраў, участак ля стэлы Мінск - горад-герой аддалі на водкуп рыцарам, у раёне опернага - трохмерныя ўстаноўкі, ну а аматары класічнай музыкі сабраліся ля гарадской ратушы.

Наш карэспандэнт Антаніна Станкевічзазірнула літаральна ва ўсе куткі і ўпэўнілася: дзень нараджэння - зусім не сумнае свята.

Гэтае дзейства, штосьці сярэдняе паміж перфомансам, танцам і стэндап-жанрам - выступленне аднаго са сталічных вулічных тэатраў. Сёння вуліца Карла Маркса ва ўладзе вось такіх артыстаў. Прычым, на суд гараджан прапанавалі не толькі інтэлектуальныя пастаноўкі з утоеным сэнсам, але і ёсць тут месца камедыям і баевікам, і нават інтэрактыву.

Насычаная і яркая праграма - усяго каля 50 розных пляцовак. Так сёння святкуюць Мінск і мінчане. Маштабна, крэатыўна, па-сталічнаму. І ў свой дзень нараджэння горад не толькі чакае падарункаў, але і сам дорыць іх. Яшчэ раніцай, пасля традыцыйнага ўрачыстага ўскладання кветак, воіны-інтэрнацыяналісты атрымалі ключы ад новенькіх аўтамабіляў.

Дні нараджэння прынята адзначаць весела і з размахам. І 946-я імяніны сталіцы не сталі выключэннем. Літаральна ва ўсіх, нават самых аддаленых раёнах спяваюць, танцуюць - увогуле, ажыўленне пануе небывалае. Настрой ствараюць розныя каларытныя персанажы. І калі за магчымасць сёння стаць брэндам Мінска актыўна змагаюцца клоўны, танцоры, акрабаты, і нават рыцары, то галоўным трэндам гэтага дня, прынамсі, яго першай паловы, стаў звычайны парасон.

З самай раніцы зарадзіў сапраўдны, па-восеньскаму дробны і шчыльны дождж. Але ўжо ў другой палове дня святочная атмасфера канчаткова выцесніла з вуліц Мінска неспрыяльныя атмасферныя франты. Зрэшты, нават гэтая акалічнасць не перашкодзіла мінчанам выйсці на вуліцу і адсвяткаваць дзень нараджэння свайго горада.

Каля стэлы Мінск - горад-герой ажыла гісторыя старажытнага горада. Доблесныя воіны далі зразумець: Нішто не забыта - не проста словы. Лучнікі, барабаншчыкі… А выступленні конных рыцараў прымусілі мінчан не раз здзіўлена ўздыхнуць… потым выдыхнуць…і зноў скрыжаваць пальцы.

Верхні горад танцаваў пад жывыя гукі аркестра. Высакародная атмасфера баляў, галантнасці і фракаў - увогуле, тут узнавілі 18-19 стагоддзе. А заадно і закрылі сезон жывых канцэртаў у Верхнім горадзе. Але ненадоўга. Усяго толькі да наступнай вясны.

Драйв, палымяныя рытмы і цвёрдыя рыфы - усё гэта рок-н-ролл. У паўднёва-заходняй частцы сталіцы знайшлося месца і для вельмі шумнага святкавання дня нараджэння горада. Так ужо прынята ў моладзі - калі весяліцца, то па максімуме. І магутныя кілаваты гуку з прафесійных калонак ужо сапраўды не перашкаджалі пажылым суседзям. Іх папросту ў студэнцкай вёсцы няма.

Святочныя мерапрыемствы працягнуцца і заўтра. Праўда, з ужо меншым размахам. Усё-такі, адзіны мінус святаў у тым, што яны, рана або позна, заканчваюцца. Але ўражанні і ўспаміны аб іх ужо сапраўды прыхарошваюць будні мінчан.