Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт адзначае 83-і дзень нараджэння

21 марта 2018

Ён стаяў ля вытокаў адраджэння праваслаўя ў Беларусі, аднаўляў храмы і манастыры. Сёння Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт адзначае 83-і дзень нараджэння. Мітрапаліта Філарэта павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Як і чым зараз жыве іерарх на спакоі?

Ведае Наталля Бардзілоўская. Вуліца Вызвалення, 10. Мінскае епархіяльнае ўпраўленне. Трэці паверх. Тут, за гэтымі дзвярамі, можна сказаць, выключна тэрыторыя Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Уладыкі Філарэта. Вось кухня і трапезная. Там - рабочы кабінет і камінная зала для сустрэчы гасцей. А тут - выхад у любімае месца адпачынку Уладыкі - летні сад. Тут жа яго любімыя кветкі - архідэі.

Да гэтых далікатных раслін розных гатункаў і відаў у фаворы іерарха і белыя ружы. Кветкі паўсюль: на сталах, шафах, падаконніках і ля іканастаса.

Прастора, у якую ў нядзелі і святы да Філарэта на службу прыходзяць госці, яго прыхаджане, - дамовы храм імя Усіх беларускіх святых.

Вось месца, куды мае доступ толькі ён, святар, - праўда, за Царскай брамай зараз спецыяльны дазвол для здымак нашаму тэлеаператару. Экзарх на адпачынку Філарэт суадносіць свой ганаровы ўзрост і стан здароўя і ў выніку вырашае, самому весці набажэнства ці, як зараз, маліцца з усімі. Ён ля алтара і першым з прысутных прымае таінства прычасці.

У гэтым храме ніводнай службы не абыходзіцца без харавых спеваў. Меладычнае шматгалоссе - напамін Кірылу Варфаламеевічу Вахрамееву (свецкае імя Уладыкі) пра яго бацькоў-музыкаў і яго асабістае навучанне на харавым аддзяленні дзіцячай музычнай школы. Усё жыццё Уладыка спрыяў музыкам, ведаючы ўсю адказнасць іх таленту і карпатлівасць працы.

Хоць службы паўсюдна адзіна кананічныя, у епархіяльны храм вернікі імкнуцца трапіць, асабліва каб пабачыць і пачуць Уладыку. У 90-х яраслаўскі па каранях, масквіч па нараджэнні, ён прыехаў у Беларусь і стаў на чале адраджэння праваслаўнай веры нашых земляў. Беларусы прынялі Філарэта і пакаленнямі лічаць яго сваім. З храма ў пакоі Уладыка заўсёды ідзе праз жывы калідор з працягнутымі для бласлаўлення прыгаршчамі.

Іерарх на спакоі радзей стаў пакідаць свае апартаменты: больш чытае, адказвае на лісты. Але найважнейшыя падзеі духоўнага жыцця не праходзяць міма яго ўвагі.

Як і раней, удзельнік кожнага пасяджэння Сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Сёлета меў радасць: нарэшце ўрачыста адкрыўся і быў асвячоны храм Нараджэння Хрыстовага ў Салігорску, дзецішча Філарэта, пра якое ён клапаціўся яшчэ напачатку двухтысячных. Можа, не так, як раней, але сёлета не менш за дзясятак разоў Уладыка выязджаў у падарожжы. Яшчэ з маладых гадоў і пачатку пастырства прызвычаіўся да далёкіх маршрутаў і сёння любіць авіяпералёты. Па-ранейшаму прымае гасцей з Беларусі і замежжа. Негаваркі, але ў кожным слове - вялікі сэнс для верніка.

Сёння Уладыка прымае віншаванні. Дарэчы, прыходзіць на адрас епархіі яны пачалі яшчэ тыдзень таму. Філарэту - 83.