Лекі і касметыка з торфу

19 сентября 2014

Пераўвасобіць торф у лекі і касметыку прапануюць беларускія навукоўцы. У Кобрынскім раёне пачалося будаўніцтва камбіната, на якім з карыснага выкапня будуць здабываць воскі і гумінавыя рэчывы. Яны стануць асноўнымі кампанентамі ў некаторых прэпаратах і касметычных сродках.


Падрабязнасці ў Святланы Чарновай.


Яна не расцякаецца, не шчыпе вочы і не шкодзіць вейкам. Беларускія навукоўцы распрацавалі формулу дасканалай тушы. Прычым асноўным кампанентам незвычайнай касметыкі стане торф, а дакладна воск, які з яго здабудуць. Пасля спецыяльнай апрацоўкі ён ператворыцца ў карысныя стэроіды - рэчывы з высокай біялагічнай актыўнасцю. Яны ж увойдуць і ў аснову тарфяной біяпамады.


Праўда, ствараць такую касметыку пачнуць не раней чым праз два гады. Зараз будуецца вытворчасць у Крупскім раёне. Там жа з торфу будуць здабываць і іншыя карысныя рэчывы - так званыя гумінавыя - ужо для медыцыны.


Іван Ліштван, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі: На аснове гумінавых рэчываў мы будзем рабіць такія канцэнтраты, якія прыдатныя для бальнеялагічнага лячэння, для лячэння скурных, сустаўных хвароб, радыкулітаў, і, спадзяёмся, што гэтыя прадукты будуць добра сябе паводзіць у лячэнні жаночых хвароб.


Больш за тое, дапамогуць яны і ў лячэнні захворванняў вачэй. Як абяцаюць спецыялісты, кроплі, у склад якіх увойдуць карысныя злучэнні торфу, змогуць змагацца нават з пагаршэннем зроку.


Асноўным жа прадуктам, які будуць ствараць на камбінаце, стане актываваны вугаль. Усяго за некалькі гадзін кілаграм торфу там ператвораць у 100 грамаў вугалю. Эфектыўнасць прэпарата застанецца ранейшай, а вось сабекошт знізіцца як мінімум у 15 разоў.