У Беларусі адкрылі першы дзіцячы сад, спраектаваны з удзелам дзяцей

19 февраля 2018

Першы ў Беларусі дзіцячы сад, спраектаваны з удзелам дзяцей, адкрыўся сёння ў прыгарадзе Мінска. Ідэі запаўнення прасторы і адважныя інтэр’ерныя рашэнні архітэктарам і дызайнерам падказвалі самі дзеці. Сад за свае сродкі ўзвёў забудоўшчык новага жылога комплексу. Неўзабаве будынак будзе перададзены ў дзяржаўнае карыстанне. Надзея Сербіненка адной з першых убачыла дзіцячы сад новага пакалення.

Вераніка Грышкова разам з двума дзецьмі - Алёнай і Дзімам - і астатнімі бацькамі сёння праводзіць праверку новага дзіцячага сада. Першай пад агляд незалежных экспертаў - у тым ліку двухгадовых - трапляе дзіцячая група. Бацькі тут жа дзеляцца з журналістамі сваімі ўражаннямі.

Амбіцыйны праект рэалізаваны беларускай камандай архітэктараў, дызайнераў, будаўнікоў, псіхолагаў. Будоўля доўжылася ўсяго год. Дзіцячы сад разлічаны на 8 груп - у ім могуць займацца 150 дзяцей. Першае, што прымячаюць госці, як толькі заходзяць у групы, - гэта падвесны гульнявы паверх.

Прастора ў групе падзелена на зоны: тут дзеці навучаюцца і развіваюцца, а тут - адпачываюць і гуляюць. Група двухузроўневая. На верхнім паверсе дзеці могуць адасобіцца і знайсці занятак па інтарэсах. Гэта задумка беларускіх архітэктараў.

Будынак сада знаходзіцца ў самым цэнтры жылога квартала Новая Баравая. Забудоўшчык - кампанія "А-100 Дэвелапмент" - неўзабаве перадасць будынак з тэрыторыяй дзяржаве - на баланс Мінскага райвыканкама. Гэта яшчэ адзін прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства на практыцы. Аб'ём інвестыцый кампаніі ацэньваецца ў тры мільёны долараў.

У холе дзяцей і бацькоў сустракае сяміметровы жоўты жыраф - сімвал сада. Тут і невялікі скаладром, і сапраўдная горка, па якой можна спусціцца з другога паверха. У цэлым інтэр'ер вытрыманы ў скандынаўскім стылі. Гэта спакойныя колеры, максімальная функцыянальнасць кожнай дэталі, экалагічныя матэрыялы. Сваё ўражанне ад атмасферы сада выказала і мама траіх дзяцей Таццяна.

Паралельна ў новым мікрараёне ідзе будаўніцтва Школы будучыні з амфітэатрам, крэатыўнай прасторай на даху, зонамі цішыні, басейнам і актавай залай - трансформерам. Наватарскі праект разлічаны на тысячу вучняў, яго плануюць рэалізаваць у 2019 годзе.