Гісторыя гета ў Мірскім замку

29 января 2017

Дзесяціметровыя "Вароты памяці" з бронзавымі скульптурамі знявечаных вязняў Трасцянца як сімвал адной з самых страшных старонак чалавечай гісторыі. У Мінску, на месцы сучаснага мікрараёна Шабаны, у 41-ым быў створаны самы вялікі на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцлагер. Тут забівалі ваеннапалонных, падпольшчыкаў, мірных грамадзян. А з восені 41-га сюды сталі прыбываць эшалоны з яўрэямі з краін Заходняй Еўропы. Шматлікіх адразу адпраўлялі на смерць.

Частка еўрапейскіх яўрэяў з Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі і Польшчы трапляла ў Мінскае зондэр-гета. Яно знаходзілася ў раёне сучасных вуліц Абутковай і Сухой. Але ўжо ў сакавіку 42-га, пасля маштабных пагромаў, тысячы людзей былі знішчаныя ў пясчаным кар'еры. Месца, дзе пасля вайны стварылі мемарыяльны комплекс "Яма".

Такія нацысцкія фабрыкі знішчэння былі жахлівымі рэаліямі Другой сусветнай. Аўшвіц у Польшчы. Больш вядомы як Асвенцым. Месца, дзе па розных звестках, за пяць гадоў існавання былі знішчаныя як мінімум мільён 100 тысяч чалавек. Гэта тыя, чые смерці задакументаваныя. Называюць і больш страшныя лічбы. З загінуўшых пераважная большасць - яўрэі. Менавіта таму Асвенцым стаў адным з галоўных сімвалаў масавага забойства людзей. А 27-га студзеня - Міжнародным днём памяці ахвяраў халакосту. Менавіта ў гэты дзень Чырвоная армія вызваліла апошніх вязняў канцлагера.

Што датычыцца Беларусі, то ў гады вайны на тэрыторыі нашай краіны былі створаныя больш за 300 гета. Ва ўсіх абласцях, буйных і малых населеных пунктах. Кожны год гісторыкі раскрываюць новыя, раней не вядомыя падрабязнасці той вайны.

Так, доўгі час таемнай заставалася і гісторыя аднаго невялікага гета ў вельмі вядомым гістарычным месцы. Праўда, доўгі час пра гэта ведалі хіба што даследчыкі. Гаворка ідзе пра гета ў Мірскім замку. Рэпартаж Алены Борматавай.

Гета ў Міры стварылі праз тры месяцы пасля акупацыі - у верасні 41-га. Знаходзілася яно ў самім населеным пункце. У ізаляцыйны квартал, які ўяўляе сабой прамавугольнік, перасялілі ўсё яўрэйскае насельніцтва пасёлка.

Літаральна праз некалькі месяцаў пасля стварэння гета - у лістападзе 41-га - некалькі масавых расстрэлаў. Тых, хто выратаваўся, пераводзяць у замак. У ацалелых памяшканнях старажытнай крэпасці размясціліся 850 чалавек. Лічба прыблізная, дакладную не назаве ніхто. Як невядомым застаецца і дакладная колькасць знішчаных яўрэяў Міра.

Тыя, хто выжыў, пайменна ўспаміналі загінуўшых. Па памяці. У спісах - 1605 чалавек. Але лічба відавочна перабольшаная, бо вельмі часта сустракаюцца паўторы. Яўрэі наладжвалі побыт у былых магнацкіх пакоях. Быў  малельны дом. Быў  свой гімн - песня, якая існавала ў Мірскім гета. Дзейнічала свая група "Супраціўленне".

Гета ў Мірскім замку было адкрытага тыпу. Гэта калі тэрыторыя агароджана калючым дротам, а па перыметры знаходзіліся некалькі прапускных пунктаў. Пры гэтым вязні гета маглі на час пакідаць тэрыторыю замка і адпраўляцца на працы ў мястэчка. Пасля таго, як стала вядома пра маючае адбыцца знішчэнне гета, хтосьці з вязняў прымаў яд, хтосьці скакаў з веж, хтосьці працягваў старанна маліцца, а хтосьці апранаў дзяцей у чыстае адзенне, рыхтуючыся прыняць смерць.

Аб карнай аперацыі стала вядома ад Освальда Руфайзена - 20-гадовага яўрэйскага юнака, які выдатна валодаў нямецкай мовай. Ён выдаў сябе за выхадца з польска-нямецкай сям'і, уладкаваўся ў мясцовае аддзяленне паліцыі перакладчыкам, таму выдатна ведаў пра ўсе карныя акцыі. Дарэчы, дзякуючы яму вязні атрымлівалі зброю, медыкаменты і ежу. За два дні да знішчэння гета з замка збеглі 200 чалавек.

Магчымасць сысці была ва усіх. Не сышлі, разумеючы, што ў лесе іх ніхто не чакае. За паўтараметровымі сценамі засталіся ў асноўным старыя і жанчыны з дзецьмі. Яны да апошняга спадзяваліся на выратаванне. Але 13 жніўня 42-га іх расстралялі ў найбліжэйшым лесе.

Пасля ўцёкаў з гета Руфайзена схапілі фашысты. Але ён зноў уцёк. Больш за год ён хаваўся ў манашак мясцовага манастыра. Затым сышоў у партызанскі атрад. Пасля вайны з'ехаў у Ізраіль і стаў каталіцкім святаром.

Таццяна Аварган, экскурсавод музея "Замкавы комплекс "Мір":

"Была наладжана сувязь з жанчынай, якая шмат гадоў дапамагала Освальду Руфайзену, знаходзячыся ў Ізраілі, і выслала прадметы, якія яму належалі. Гэта асабісты крыж Освальда Руфайзена і прадметы, з дапамогай якіх ён праводзіў свае службы, знаходзячыся там, у Ізраілі".

Вольга Навіцкая, навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір":

"У Мір ён усё-такі вярнуўся ў 1992 годзе. Гэта было 50 гадоў пасля ўцёкаў, сустрэўся з выжыўшымі вязнямі гета. Іх было не шмат, але ўсе яны былі абавязаныя яму выратаваннем".

Освальд Руфайзен стаў прататыпам галоўнага героя рамана-бэстселера Людмілы Уліцкай "Даніэль Штайн - перакладчык". Мір аўтар замяніла на горад Энск. Але ў мастацкім творы дастаткова дакументальных фактаў. Сёлета - 75 гадоў са дня ўцёкаў.

З выжыўшых вядомы імёны толькі чатырох чалавек. У жывых сёння засталася адзіная Сара Ландэр. Жыве ў Казані.

Аляксандр Лойка, дырэктар музея "Замкавы комплекс "Мір:

"Вядуцца вялікія пошукавыя працы наконт тых людзей або сваякоў тых людзей, якія засталіся яшчэ, і памятаюць тых ахвяр, тых людзей, якія былі ў гады вайны ў сценах Мірскага замка".

Адшукваюць супрацоўнікі дзяцей і ўнукаў дваіх праведнікаў свету - Соф'і і Ігната Ермаловічаў, якія двойчы ратавалі Цылю Кыпялевіч. Яны хавалі яе ў сябе дома, а пасля адправілі ў партызанскі атрад "Братоў Бельскіх". Пасля вайны выратаваная сама падрыхтавала дакументы на прызнанне сваіх выратавальнікаў праведнікамі свету.

Рашэнне аб прысуджэнні звання прымаецца ў Ізраілі ў нацыянальным мемарыяле "Яд ва-Шэм". Сёлета яшчэ двое беларусаў папоўнілі спісы Праведнікаў народаў свету. Іх агульная колькасць - больш за 26 тысяч.

Але ганаровы сертыфікат і імянны медаль сёння ўсё часцей атрымліваюць нашчадкі тых, хто ў гады вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, ратаваў яўрэяў.