Фестываль "Александрыя збірае сяброў" 10-ы раз запаліць вогнішча сяброўства

4 июля 2019

Цёпла і душэўна абяцае быць  гэтымі выхаднымі на беразе Дняпра. Фестываль "Александрыя збірае сяброў"  10-ы раз запаліць вогнішча сяброўства. Свае падворкі, пачастункі, канцэрты прадэманструюць лепшыя калектывы з Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі і Украіны. Сёлета свята прысвечана Году малой радзімы. Тут можна будзе не толькі палюбавацца майстэрствам рамеснікаў, але і паспрабаваць самім ткаць або нават выкаваць сувенір. А галоўнае знайсці сваю   папараць-кветку. Чым здзівіць Александрыя гэтым разам, ведае Андрэй Ястрабаў. 

Для народнага ансамбля "Бліскавіца" Шклоўскага раённага дома культуры гэта ўжо дзясятае  свята ў Александрыі (як раз па колькасці фестывальных гадоў). Больш  за сотню песень у рэпертуары  на беларускай, рускай, украінскай мовах. Гэтымі днямі рэпеціруюць купальскія.

Для артыстаў свята ў Александрыі - гэта доўгачаканыя сустрэчы. Бо за гады фестывалю са шматлікімі калегамі сталі сапраўднымі сябрамі. Не супраць і новых знаёмстваў.

У касцюмернай раённага Дома культуры кіпіць праца. Ужо гатовыя амаль тысяча касцюмаў. У гэтыя дні асаблівыя, з каларытам. 

Вуліцы майстроў - адзін з брэндаў фестывалю. Раздолле для знатакоў народнай творчасці. Тут і кузні з кавадламі і печамі, і ткацтва па ўнікальных старажытных тэхналогіях, нацыянальныя пачастункі і на пробу, і да хатняга стала. Святы квасу, караваяў, дзіцячыя атракцыёны, рыцарскі фэст і нават бард-рыбалка. Арганізатары зноў абяцаюць здзівіць. 

Моладзевыя начныя дыскатэкі з лепшымі дыджэямі. Сёлета галоўная пляцоўка ўмяшчальнасцю 3,5 тысячы месцаў прыме гала-канцэрт, прысвечаны Году малой радзімы. І вось тут гасцей фестывалю чакае сюрпрыз. Песні беларускіх аўтараў выканаюць вядомыя артысты.  

Другі дзень фестывалю парадуе ўшанаваннем лідараў АПК і канцэртам Анатоля Ярмоленкі і групы "Сябры". Упершыню фестываль упрыгожыць цыркавы паказ, прычым не толькі на манежы. 

Ужо ў суботу фестывальны гарадок загудзіць нібыта вулей. Запоўняцца яго вуліцы. Толькі гандлёвых шэрагаў  звыш кіламетр, не лічачы канцэртных пляцовак і яркіх месцаў для сэлфі. 

 Апошняя падрыхтоўка, мантаж канструкцый штохвілінны. Заўтра рэпетыцыя галоўнага дзейства і віват Александрыя, якая  дзясяты раз збярэ самых лепшых сяброў на маляўнічым беразе Дняпра.