"Экспрэс-цягнік ААН-70"

1 ноября 2015

Нягледзячы на тое, што па розных прычынах у свеце зноў і зноў знаходзяцца сілы і матывы для таго, каб раз'ядноўваць, а потым, мабыць, па рымскай максіме, уладарыць, чалавецтва па-ранейшаму мае патрэбу ў агульным падмурку, у адзінстве. І вось ужо 70 гадоў такім падмуркам з'яўляецца Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Так, за ўсе гэтыя гады было шматлікае, што выклікала шум на адрас ААН.

Аднак, па-першае, не ўсё так проста. А, па-другое, на сёння свет не знайшоў нічога лепшага за ААН. Хто ведае, якой была б Зямля без яе, і была б наогул! Трэба разумець, што ААН - гэта не толькі і не столькі Савет Бяспекі. Гэта вялізны лік гуманітарных праграм. Даступная адукацыя, клопат аб экалогіі, пытанні сацыяльнай, гендарнай роўнасці і шмат шматлікае іншае.

Юбілей арганізацыі ў самых розных месцах планеты адзначаюць па-рознаму. Але ледзь ці дзесьці яшчэ было штосьці падобнае на наш "Экспрэс ААН - 70". Цэлы тыдзень спецыяльны цягнік перамяшчаўся ад аднаго абласнога цэнтра да другога, робячы прыпынкі, каб, аб'яднаўшы самых розных людзей, звяртаць увагу на галоўнае. А што ж гэта "галоўнае", спытаеце вы. Адкажа наш аглядальнік Ларыса Гулякевіч. Яна была адным з пасажыраў незвычайнага міжнароднага экспрэса.

Пасля прыбыцця ў канчатковы пункт "Экспрэс-цягніка ААН - 70" на чыгуначны вакзал у Мінску пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха ў першую чаргу падзякаваў галоўнаму машыністу.

Увесь тыдзень "Экспрэс-цягнік ААН - 70" падарожнічаў па абласных гарадах Беларусі з ганаровай місіяй, у якой удзельнічалі больш за 150 супрацоўнікаў ААН, прадстаўнікоў урада Беларусі, дыпламатычнага корпуса, рэлігійных суполак, студэнты і валанцёры.

Джыхан Султанаглу, памочнік Генеральнага сакратара ААН (ПРААН), дырэктар рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД: "Я была шчаслівая ехаць у гэтым цягніку. Маладыя людзі, прадстаўнікі розных арганізацый, вялікія дыскусіі. Гэта выдатная магчымасць яшчэ раз нагадаць і растлумачыць людзям, што такое глабальныя мэты ўстойлівага развіцця. І як нам трэба дзейнічаць разам, каб зрабіць лепшай будучыню людзей і планеты. У нас ёсць вопыт, веды, магчымасці і рэсурсы для выканання гэтых мэт".

Праект "Экспрэс ААН-70" сумесная ініцыятыва ААН у Беларусі і Міністэрства замежных спраў. Ідэя эксклюзіўная. Бо ніводная са 193 краін-удзельніц так не святкавала 70-годдзе Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Справа не ў размаху, а ў паспяховай місіі інфармацыйнай даступнасці. Экспрэс-цягнік "давёз" да кожнага беларуса ад чыноўнікаў і прадпрымальнікаў да службоўцаў і студэнтаў тыя мэты, праблемы і задачы, якія стаяць перад светам сёння.

17 мэт устойлівага развіцця. Што гэта такое? Мабыць, гэта тыя глабальныя праблемы і задачы, якія неабходна вырашаць на працягу найбліжэйшых 15 гадоў усім светам. Усе яны ўзаемазвязаныя паміж сабою. Да прыкладу, як зрабіць так, каб у свеце не было голаду. Гэта не толькі развіццё сельскай гаспадаркі, але і адукаваныя спецыялісты і энергазахавальныя рэсурсы і экасістэма.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый была створаная адразу пасля Другой сусветнай вайны. Сярод 50 краін - заснавальнікаў ААН статут падпісалі не толькі Савецкі Саюз, але і дзве яго рэспублікі Украінская ССР і Беларуская ССР.

І сёння ААН - гэта жывы арганізм, які складаецца з 193 краін. Цэлы свет, дзе жывуць людзі з розным колерам скуры, веравызнаннем, традыцыямі, геапазіцыяй і розным узроўнем развіцця сацыяльнага і палітычнага. Каб свет зрабіць лепшым, усцерагчы яго ад катастроф і чалавечых пакут - усе праблемы трэба вырашаць разам.

У экспрэс-цягніку разгарнуўся цэлы адукацыйны цэнтр. Семінары, трэнінгі, відэафільмы, абмеркаванні і дыскусіі. Сваім неацэнным вопытам дзяліліся аўтарытэтныя эксперты і сусветныя спецыялісты. На працягу тыдня ў цягніку і саміх беларускіх гарадах прайшло каля 250 мерапрыемстваў.

Кожны горад: Мінск, Гродна, Баранавічы, Брэст, Гомель, Магілёў, Віцебск асвятляў пэўныя мэты ўстойлівага развіцця. Хоць мэт 17, а гарадоў толькі 7, іх аб'ядналі, каб распавесці аб інклюзіўным развіцці, пагаварыць аб здаровым ладзе жыцця, прадэманстраваць энергаэфектыўныя тэхналогіі, паказаць, як будуецца зялёная эканоміка ў Беларусі. У пацверджанне далейшага супрацоўніцтва ў кожнай вобласці былі падпісаныя дэкларацыі ўстойлівага развіцця каардынатарамі ААН і мясцовымі органамі.