Гаджэты на дапамогу ў вучобе

24 сентября 2013
Вынікі двухгадовага эксперымента па выкарыстанні электронных кніг альбо рыдараў падвёў ліцэй БДУ. Амаль палова ліцэістаў сталі менш часу праводзіць за камп'ютарам. Апраўдалі сябе і электронны журнал, і інтэрактыўныя дошкі.

Надзея Сербіненка ўбачыла, калі сучасныя гаджэты - на карысць.

На працягу двух гадоў у ліцэі БДУ ў эксперыментальных класах вучыліся з дапамогай рыдараў. Электронныя кнігі сталі інтэрактыўным дадаткам да папяровых версій.

Вось гэтыя электронныя кнігі для эксперыменту былі абраныя невыпадкова: прылады на аснове электронных чарнілаў імітуюць паперу. І вочы ўспрымаюць экран як кніжную старонку. Такім чынам, для школьнікаў рыдар больш бяспечны, чым манітор камп'ютара.

Электронная прылада, перш за ўсё, патрэбная не для таго, каб замяніць звыклы падручнік. Папяровыя кнігі таксама выкарыстоўваюцца пры навучанні. Галоўныя перавагі рыдараў ацанілі выпускнікі ліцэя, сённяшнія першакурснікі хімфака.

Андрэй Махамет, студэнт 1 курса хімічнага факультэта БДУ: Галоўная перавага ў тым, што шматлікія выкладчыкі ў ліцэі, і зараз ужо ва ўніверсітэце, чытаюць нейкія свае матэрыялы, і іх ніадкуль не дастанеш, акрамя як у іх саміх. Усё гэта ў электронным выглядзе, і рыдары дапамагаюць рыхтавацца па матэрыялах выкладчыкаў, якія з табой працуюць.

95% вучняў далі станоўчую ацэнку электронным кнігам. У выкладчыкаў прыродазнаўчых навук узніклі некаторыя заўвагі.

Мікалай Івашчанка, настаўнік біялогіі ліцэя БДУ: Быў невялікі адмоўны момант. Біялогія - гэта ўсё-такі мноства каляровых малюначкаў. А планшэты чорна-белыя, таму не заўсёды было зручна.

Сёння спецыялісты падвялі вынікі ўздзеяння чыталак на здароўе вучняў. Сорак працэнтаў дзяцей сталі праводзіць менш часу ля камп'ютара.

Ігар Варакса, намеснік дырэктара ліцэя БДУ: Вынікі двухгадовага эксперыменту паказалі, што класы нічым не адрозніваюцца. Вучні і з прыладами, і без - аднолькавы стан здароўя маюць.

Два гады ў ліцэі БДУ выкарыстоўваецца і электронны журнал. На думку дырэктара ліцэя, гэта зручна як для настаўнікаў, так і для дзяцей, і іх бацькоў. Дарэчы, інфармацыю віртуальнага журнала дубліруе папяровы.

Вадзім Матуліс, дырэктар ліцэя БДУ: Электронны журнал захоўвае функцыі сацсетак: можна на старонцы класа размясціць аб'яву. Гэта зойме некалькі секунд. Усе яе прачытаюць і прыйдуць да вас на заняткі. У прынцыпе, вы можаце індывідуальна падыходзіць да задання хатняй работы ў класе. Гэта значыць, вы можаце даць розныя заданні розным часткам класа.

З пачатку навучальнага года ў ліцэі пачала працаваць і Віртуальная школа - чатыры інтэрактыўныя класы па біялогіі, фізіцы, хіміі і матэматыцы. Таму хутка навучальная ўстанова зможа ацаніць перавагі і гэтага інавацыйнага праекта.