У праваслаўных сёння Дзень памінання памерлых.

21 апреля 2015

У храмах з самай раніцы прайшлі малебны, адным з самых шматлюдных месцаў для наведвання традыцыйна становяцца і могілкі. Каб да іх трапіць больш зручна, курсіруе дадатковы грамадскі транспарт. Павялічылася на загарадных трасах і колькасць інспектараў ДАІ, рух паблізу могілак зменены, каб пазбягаць заторавых сітуацый. 

Тэму працягне Аляксандр Харавец.

Традыцыйна свята памінання памерлых прыпадае на другі аўторак пасля Вялікадня. У перакладзе са стараславянскай "радаўніца" азначае "радасць". Сёння раніцай ва ўсіх храмах сталіцы прайшлі богаслужэнні аб памінанні памерлых.

Дабрацца да могілак таксама даволі проста. Толькі ў сталіцы на маршруты сёння выйшлі каля 300 дадатковых адзінак грамадскага транспарту. Акрамя гэтага на пад’ездах да могілак дзяжураць і супрацоўнікі ДАІ.

Толькі раз на год, менавіта на Радаўніцу, самая ажыўленая дарога сталіцы становіцца пешаходнай. Кожныя 20 хвілін рух на МКАД перакрываюць інспектары ДАІ – тым самым ствараюць пешаходны пераход. Па ім тысячы мінчан і накіроўваюцца да Чыжоўскіх могілак.

Акрамя гэтага, каля могілак арганізаваны і дадатковыя парковачныя месцы.

Побач з могілкамі расцягнуліся гандлёвыя рады са штучнымі кветкамі. Набыць памінальны букет або лампадку па прымальным цэнам таксама можна без цяжкасцей.