Бізнесмен з Чашніцкага раёна дорыць другое жыццё закінутым будынкам

28 ноября 2018

Усё больш беларусаў падключаюцца да добраўпарадкавання сваёй малой радзімы. Зрабіць нешта карыснае для родных месцаў можа кожны. Так, бізнесмен з Чашніцкага раёна дорыць другое жыццё закінутым будынкам, стварае новыя рабочыя месцы і разам з вернікамі аднаўляе старажытны храм. Маладому, але ўжо паспяховаму прадпрымальніку ўсяго 36. У Чашніцкім раёне прайшло яго дзяцінства, з'явілася свая сям'я. Рабіць жыццё маленькага гарадка больш камфортным і ўтульным бізнесмена натхняюць менавіта родныя месцы і людзі. Рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Максім Калінін натхнёна распавядае пра дзіцячыя лабірынты, тарзанкі і каруселі. Нядаўна бізнесмен спраўдзіў мару тысяч маленькіх жыхароў Новалукомля - стварыў у невялікім горадзе сучасны забаўны комплекс. Памяшканне, якое патрабавала глабальнага абнаўлення, мясцовы жыхар выкупіў за адну базавую. Так у старога кінатэатра, які доўга пуставаў, пачалася другое жыццё. Мясцовыя жыхары гавораць, што непрывабны шэры будынак не пазнаць.

 

Перш чым арганізаваць забавы для дзяцей на сваёй малой радзіме, бізнесмен разам з сям'ёй пабываў у вялікіх гарадах. Хацелася б, распавядае Максім Калінін, зрабіць гульнявы комплекс не горшы, чым у абласных цэнтрах. Зараз у Новалукомль прыязджаюць школьнікі з усёй акругі. Бацькі гавораць, што дарослыя рады не менш за дзяцей. Бо раней, каб з карысцю правесці выхадныя, даводзілася ехаць за сотні кіламетраў - у Мінск або Віцебск.

 

У маладым горадзе, а Новалукомлю крыху больш за 50, шмат маладых сем'яў. Для якаснага адпачынку з дзецьмі тут ёсць усё неабходнае: кафэ, забаўныя пляцоўкі. Гэта яркі прыклад, як прыватная ініцыятыва прыносіць агульную карысць.

Дзякуючы стварэнню новых аб'ектаў з'яўляюцца і новыя рабочыя месцы. Надае ўвагу малады бізнесмен і развіццю спорту ў рэгіёне. Нядаўна пры яго падтрымцы ў Новалукомлі прайшоў міжнародны турнір па міні-футболе. Зараз трэніровачная пляцоўка ніколі не пустуе. Як і фітнес-зала, якая таксама з'явілася ў горадзе. Жыхары Новалукомля гавораць: камфортным, насычаным і цікавым жыццё можа быць нават у невялікім населеным пункце.

 

Аграгарадок Чарэя знаходзіцца недалёка ад Новалукомля. Сярод славутасцяў царква Святога Архангела Міхаіла. Старажытны храм доўгі час меў патрэбу ў абнаўленні. Сярод тых, хто праявіў ініцыятыву, сям'я бізнесмена. Агульнымі намаганнямі аднавілі купалы, абнавілі фасад, З'явіўся і новы мост, які вядзе да храма.

 

Менавіта родныя з дзяцінства месцы, гаворыць жыхар Новалукомля, і натхняюць на новыя ідэі і добрыя справы. Акультурыць тэрыторыю, высадзіць алею, добраўпарадкаваць месца памяці. Бізнесмен упэўнены, што зрабіць нешта карыснае для сваёй малой радзімы пад сілу кожнаму. Бо для агульнай вялікай справы важны нават самы маленькі ўнёсак.