У Беларусі створаць вытворчасць квадракоптараў

24 января 2017

Зараз спецыялісты цэнтра Акадэміі навук праектуюць першы дрон. Плануецца, што ўпершыню ў неба ён паднімецца летам, а да канца года пачне служыць у адной з сельскіх гаспадарак нашай краіны. Дарэчы, для аграрыяў рыхтуюць асаблівую лінейку. Адзін беспілотнік зможа весці здымку ў фармаце Full HD на адлегласці да дзесяці кіламетраў, другі - распыляць угнаенні. Выкарыстоўваць іх зможа не толькі аграпрамысловы комплекс, але і МУС, і спецыяльныя сілавыя падраздзяленні.

Аляксандр Шчаўлеў, намеснік дырэктара НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі: "У Беларусі ўжо ёсць вопыт эксплуатацыі квадракоптараў на мяжы. Першыя пастаўкі ацэньваюцца на ўзроўні 70-80 тысяч долараў за комплекс. Нашы распрацоўкі будуць істотна таннейшыя - дзесьці ў паўтара раза".

У планах навукоўцаў таксама стварыць беспілотны верталёт для перавозкі людзей і атмасферны спадарожнік, які будзе маніторыць паветраную прастору на вышыні больш чым дваццаць кіламетраў.