Беларусы прынялі ўдзел у азеляненні роднага краю

1 апреля 2017

Бадай, нішто так не аб'ядноўвае людзей, як сумесная праца на карысць краіны. У Беларусі стартаваў Тыдзень лесу. Сёлета яго галоўная мэта - аднаўленне ўгоддзяў, якія пацярпелі ад ліпеньскіх ураганаў. Нагадаю, леташняя стыхія ўсяго за лічаныя хвіліны знішчыла больш як 15 тысяч гектараў лесу. І вось сёння шматлікія беларусы прынялі ўдзел у добрай традыцыі - азеляненні роднага краю. Да акцыі далучыўся і Аляксандр Харавец.

Майстар-клас ад міністра лясной гаспадаркі. І гэта не першакрасавіцкі жарт. Больш як 37 гадоў Міхаіл Амельяновіч аднаўляе лясныя ўгоддзі. Гаворыць, самыя першыя высадкі ўжо ператварыліся ў сапраўдныя гаі. А сёння кіраўнік ведамства працуе над аднаўленнем лясоў, якія знішчыла стыхія ў ліпені мінулага года.

Яшчэ восенню працаўнікі лясгасаў аднавілі каля пяці тысяч гектараў. Сёлета працу плануюць завяршыць. І беларусы з відавочным задавальненнем ужо 10-ы раз прымаюць актыўны ўдзел у Тыдні лесу. І кожны імкнецца пакінуць не толькі след пасля сябе, але і павялічыць "лёгкія Еўропы".

А сёння на дзялянцы ў 4 гектары высадзілі звыш 20 тысяч клёнаў і дубоў. І праз нейкія 20 гадоў тут будзе сапраўдны гай.

Вось гэты інструмент у народзе завуць "мячом Колесава". Вынайшлі яго больш як 130 гадоў таму. І, бадай, гэта самая мірная і карысная прылада ў пасадцы лесу. Бо, працуючы такім агрэгатам, атрымліваеш як мінімум трайное задавальненне. Па-першае, праца на свежым паветры падбадзёрвае, па-другое, нядрэнная фізічная нагрузка, і самае галоўнае - з яго дапамогай можна пасадзіць каля паўтысячы дрэў.

Пасадзіць дрэва, і не адно, можа любы ахвотнік. І калі летась у Тыдні лесу ўдзельнічалі звыш 80 тысяч чалавек, то ў гэтым арганізатары плануюць перавысіць статысячную мяжу. А значыць - дрэў у нашай краіне стане на некалькі мільёнаў больш. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя