Беларускія навукоўцы працуюць над новымі лекамі, якія перамогуць рак страўніка

16 июня 2019

Перамагчы рак страўніка. Беларускія навукоўцы працуюць над новымі лекамі, здольнымі перамагчы хваробу дэсімінаванай формы. Гэта калі таксічныя клеткі могуць распаўсюджвацца на іншыя органы. Пры такім дыягназе вельмі высокая рызыка метастазаў. Новы прэпарат - адна з задач дзяржпраграмы развіцця фармацэўтычнай галіны краіны. У лабараторыі Інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ ўжо ёсць паспяховыя распрацоўкі. Як іх ствараюць і вырабляюць, раскажа Наталля Тарасюк.

Гэтае белае палатно - цэлюлоза, якую вырошчваць з дапамогай бактэрый. У лабараторыі хіміі полісахарыдаў БДУ яе  збіраюцца ператварыць у лекі. 

У гэтай лабараторыі ўжо стварылі сурвэткі для лячэння хворых з пухлінамі галаўнога мозгу або шыі - "Цысплацэл". У аснове акісленая цэлюлоза. Пакуль закупліваюць, але ў будучыні з'явіцца беларуская. На яе наносяць цысплатын. Гэты кампанент і змагаецца з ракавымі клеткамі. 

Гэты інавацыйны айчынны прэпарат для лакальнай хіміятэрапіі з'явіўся на рынку ў 2010 годзе. Вытворца - тэхнапарк "Унітэхпрам БДУ". Уласная вытворчасць сэканоміла краіне амаль 18 мільёнаў долараў. Тут выпускаюць і  тэмазаламід. Ён патрэбны для вытворчасці супрацьпухліннага  прэпарата ў капсулах.

Яшчэ адна знакавая распрацоўка - "Тэмадэкс". Гэта адзіны ў свеце гідрагель для лячэння пухлін мозгу. Прэпарат  яшчэ на рэгістрацыі, але ўжо ёсць заяўкі з Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу. У тэхнапарку будуць рабіць і новы гель для лячэння раку страўніка - "Праспідэлонг". Ужо пачаліся пілотныя клінічныя выпрабаванні. 

Штогод рэгіструецца каля 15-20 беларускіх лекаў. Вытворчасць гелю - задача дзяржпраграмы развіцця фармацэўтычнай галіны. Да 2020 года айчынныя прэпараты павінны займаць не менш чым 55 % унутранага рынку. Гель для лячэння раку страўніка можа з'явіцца ў продажы праз некалькі гадоў. 

Гэта будзе парашок у флаконах. У аперацыйнай ён ператворыцца ў гель пасля дабаўлення вадкасці літаральна за 15 хвілін. Затым прэпарат можна будзе нанесці на месца выдаленай пухліны.