Беларускі хлеб, тарты і пернікі паедуць у Ізраіль і Іарданію

14 декабря 2016

Новыя краіны на экспартнай карце. Мінскхлебпрам заключыў кантракт на пастаўку ў Ізраіль і Іарданію замарожаных хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, а таксама вафель. Дарэчы, новыя тэхналогіі, а менавіта шокавая замарозка прадаўжае тэрмін прыдатнасці. Так беларускія вырабы можна захоўваць да паўгода без дадатковых кансервантаў. Пры гэтым не страчваюцца смакавыя якасці. Якія пірожныя, тарты і хлеб мы адпраўляем за мяжу, даведалася Юлія Токар.

Хлеб, французскія эклеры, тарты і пернікі – толькі ў гэтым годзе 6 сталічных хлебазаводаў выпеклі больш за 85 тысяч тон духмяных  вырабаў. Эклеры з тварагом, прафітролі з шакаладнай стружкай і заварныя кольцы - у гэтым кандытарскім цэху ўдзень вырабляюць да 2 тон салодкіх пачастункаў. На  аўтаматызаванай лініі прадукцыя праходзіць усе этапы вытворчасці – ад выпечкі і аздаблення да астуджвання і  ўпакоўкі.

Беларускія эклеры па французскіх рэцэптурах даспадобы і за мяжой. Дзякуючы тэхналогіі шокавай замарозкі кандытарскія вырабы павялічваюць тэрмін прыдатнасці без дадатковых кансервантаў. Пры гэтым захоўваюць смакавыя якасці.

Вось гэта і ёсць шокавая камера. Тут пры тэмпературы мінус 40 прадукцыя, у залежнасці ад віду, замарожваецца на працягу 4 гадзін. І ўжо пасля беларускія вырабы менавіта адсюль адпраўляюцца за мяжу.

Расія, Азербайджан, Арменія, ЗША, Сінгапур, Латвія, а зараз Ізраіль і Іарданія – экспартная карта пастаянна папаўняецца новымі краінамі. На знешнія рынкі за апошнія 11 месяцаў рэалізавана больш за 4 тысячы тон прадукцыі, у тым ліку 890 тон  замарожаных вырабаў.

Галіна Леановіч, начальнік аддзела хлебазавода № 5 г. Мінска: "Літаральна 2 тыдні таму мы прыехалі з Ізраіля. Прывезлі два кантракты. Адзін на пастаўку вафлевай прадукцыі ў Ізраіль. Другі - з Іарданіяй. Гэта пастаўка замарожанага хлеба і кандытарскіх вырабаў. Першая партыя  - гэта 40-футавы кантэйнер. Гэта будзе каля 15 тон прадукцыі".

Дарэчы, геаграфія паставак такая ж разнастайная, як і прадукцыя. Напярэдадні Новага года прадэманструюць і новыя тарты.

Зараз спецыялісты працуюць яшчэ над адной тэхналогіяй. Шокавай замарозкай хочуць павялічыць тэрмін тартоў да года.