Краіна ўспамінае Аляксандра Ціхановіча

13 июля 2017

Сёння краіна ўспамінае выканаўца хітоў "Цыганка", "Счастливый случай", "Любви прощальный бал", "Завіруха"... Аляксандру Ціхановічу магло б споўніцца 65. Народны артыст Беларусі не толькі падарыў публіцы не адзін дзясятак шлягераў, але і выхаваў мноства папулярных выканаўцаў, сярод якіх Аляхно, Калдун, Герман, IOWA. Таксама разам з Белтэлерадыёкампаніяй вёў падрыхтоўку дэлегатаў нашай краіны на "Еўрабачанне". Спецыяльна да юбілею музыканта Агенцтва тэленавін падрыхтавала фільм-прысвячэнне "Аляксандру Ціхановічу..." Стужку-ўспамін пра стромкія віражы ў біяграфіі артыста глядзіце ў нашым эфіры ў 19:20. Кадры, якія не ўвайшлі ў фільм, пра музыканта, чалавека-ўсмешку, дабрачынца, нават пасля сыходу якога яго творчасць і добрыя справы працягваюць жыць, - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Гэтыя радкі аўтарства Аляксандра Ціхановіча ўпершыню гучаць у эфіры. Апошні верш народнага артыста знайшоўся ў сумцы музыканта праз месяц пасля яго сыходу. Дзіўна, але нягледзячы на ўсе рэгаліі, выканавец саромеўся пазіцыянаваць сябе як аўтара слоў і музыкі ўласных песень. І сёння нямногія ведаюць, што хіты "Цыганка" і "Восень у Версалі" - яго музыка.

Ядвіга Паплаўская, народная артыстка Беларусі: "Ён выдатны меладыст, але ён такі нясмелы сарамлівы. Ён і мне саромеўся паказваць свае песні. У яго такая іх колькасць. Ён проста на мабілку запісваў мелодыі".

У народнага артыста ён вырас з тубіста. Аляксандр Ціхановіч пачынаў сваю музычную кар'еру як духавік - іграў у аркестры сувораўскага вучылішча. Пазней, калі стаў заядлым бітламанам, забароненымі рытмамі зачароўваў моладзь на танцах. Спрабаваў сябе ў шматлікіх калектывах. Але ўсесаюзную славу здабыў у "Верасах", куды прыйшоў на покліч не музыкі, а сэрца. Закахаўся ў салістку ВІА Ядвігу Паплаўскую. Артыстка стала спадарожніцай як на сцэне, так і ў жыцці. У кулуарах жартавалі: "Верасы" - гэта акуляры і вусы. І нават пачаўшы самастойную кар'еру, дуэт Сашы і Ядзі не страціўся, а з новай сілай запаліўся на эстрадзе.

Аляксандр Яфрэмаў, рэжысёр, народны артыст Беларусі: "Якой магічнай сілай валодалі яны з Ядзяй, калі выступалі перад людзьмі самага рознага ўзроўню, самых розных эстэтычных прэтэнзій, - фінал быў адзін. З крыкам і віскам народ танчыў".

Але адной толькі сцэны было мала. Разам з жонкай стварыў тэатр, дзе выхаваў цэлую пляяду вядомых выканаўцаў. З рызыкай і запалам займаўся "Еўрабачаннем", без яго судзейства не абышоўся, мабыць, ні адзін вакальны конкурс краіны. Удзельнічаў у мюзікле і нават здымаўся ў кіно.

Праўда, сваю апошнюю ролю ён так і не паспеў ацаніць з экрана. Прэм'ера фільма "Танкіст" з удзелам Аляксандра Ціхановіча неўзабаве адбудзецца ў эфіры расійскага тэлеканала.

Пасля сыходу народнага артыста яго справа працягвае жыць. Імем Аляксандра Ціхановіча названы фонд дапамогі дзецям і дарослым з абмежаванымі магчымасцямі. Музыкант не афішаваў свае добрыя справы. Падтрымліваў не толькі фінансамі, але і песняй.

Дзень нараджэння Аляксандра Ціхановіча традыцыйна супадаў са "Славянскім базарам". Урачыстасць, у якой удзельнічалі без перабольшання ўсе госці віцебскай сцэны. Не выключэнне і 65-годдзе артыста. Сёння, як і раней, хіты народнага Ціхановіча гучаць на фестывалі, хай і ў выкананні калег, родных і блізкіх.