Дзяржпагранкамітэт і ПРААН падпісалі ў Мінску новы двухгадовы праект

14 июня 2019

У Беларусі ўдасканальваецца барацьба з незаконным перамяшчэннем зброі і боепрыпасаў праз мяжу. Дзяржпагранкамітэт і ПРААН падпісалі ў Мінску новы двухгадовы праект. Дакумент прадугледжвае распрацоўку сістэмы ацэнкі рызык, закупку тэхнічнага абсталявання і праграмнага забеспячэння, а таксама арганізацыю трэнінгаў і навучальных паездак у іншыя краіны для азнаямлення з вопытам замежных калег. Акрамя таго, праект забяспечыць удасканаленне падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у Інстытуце пагранічнай службы і цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю. Праект коштам 1,5 мільёна долараў будзе прафінансаваны Германіяй.

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі: "Развіцця немагчыма дасягнуць без гарантавання бяспекі. І менавіта ў сувязі з гэтым Германія прыкладае высілкі для таго, каб рэалізаваць гэты праект у Беларусі. Ужо на працягу 20 гадоў Германія процідзейнічае незаконнаму абарачэнню стралковай зброі і боепрыпасаў. Гэта спалучэнне ўсіх прычын, і летась пры ацэнцы рызык было сапраўды вызначана, што Беларусі патрэбна падтрымка". 

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, у апошнія гады фіксуецца рост колькасці спроб незаконнага перамяшчэння зброі і боепрыпасаў праз мяжу. У параўнанні з 2013 годам колькасць такіх фактаў на мяжы з краінамі ЕС павялічылася больш як у 6 разоў. З пачатку гэтага года беларускія пагранічнікі спынілі ўжо 45 такіх спроб.