У пасёлку Чысць праходзіць музычны фестываль Міншчына сустракае джаз

7 ноября 2013

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга даў джазу ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. Другі год запар тут праходзіць музычны фестываль Міншчына сустракае джаз.


У творчасць лепшага біг-бэнда краіны і ў джазавыя матывы разам з жыхарамі невялікага пасёлка акунуўся і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.



У Чысці - чыста джаз. Шасцітысячны пасёлак у Маладзечанскім раёне другі раз прымае музычны фестываль Міншчына сустракае джаз. Нягледзячы на тое што джаз у Беларусі зарадзіўся ў 40-х гг. ХХ стагоддзя, акунуцца ў вір джазавай канцэртнай музыкі не так проста - мелодыя спецыфічная, ды і не кожны іграць умее. Міхаіл Фінберг у гэтым мастацтве сёння нумар адзін у краіне. Дзіўнае спалучэнне афрыканскіх і еўрапейскіх матываў пад выразным патранажам маэстра - так павінна гучаць жывая музыка!


Многія ўжо забыліся на тое, што мелодыя можа змяшчаць больш за 3 акорды. Ніякай какафоніі - дзіўна дакладныя гукі духавых інструментаў, гітар і, безумоўна, рытм-секцыі не пакідаюць абыякавым гледача.


Дасканалыя партытуры ў выкананні аркестра - іх візітная картка. Антураж адпаведны. У зале ніводнага свабоднага месца. Паслухаць сапраўдны джаз прыйшлі людзі розных узроставых катэгорый.


Пасёлак Чысць ужо можна назваць культурным цэнтрам малых гарадоў Мінскай вобласці. І такое музычнае свята абяцае стаць традыцыйным.


Трэці фестываль Міншчына сустракае джаз таксама будзе прымаць пасёлак Чысць. Музычную праграму падзеляць на тры тэматычныя часткі, адна з якіх будзе называцца Вялікае самба, прысвечаная кампазітарам, якія нарадзіліся і тварылі ў Паўднёвым паўшар'і.