Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прапанаваў працы з калекцыі рускага жывапісу

31 марта 2016

На выставу ўсе яны прыбылі з запаснікаў, але імёны некаторых мастакоў можна сустрэць і ў пастаяннай экспазіцыі.

Алена Борматава - аб рэдкіх творах савецкага перыяду.

"Яблыні ля плятня" - 1949 год. Праца Пятра Канчалоўскага - дзеда знакамітых сёння рэжысёраў Міхалкова і Канчалоўскага. Мастак яшчэ і вучань, пазней зяць знакамітага Васіля Сурыкава - майстра маштабных гістарычных палотнаў, такіх, як "Баярыня Марозава" або "Раніца стралецкай кары". "Яблыні" Канчалоўскага - у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. На публіку выстаўляецца ўпершыню.

Многія з выстаўленых палотнаў апошні раз экспанаваліся яшчэ ў часы СССР. Некаторыя з карцін наогул упершыню паўсталі перад публікай. А 2 з 44 прац у беларускія фонды трапілі адразу пасля выставы "Індустрыя сацыялізму", якая праходзіла ў Маскве напрыканцы 30-ых гадоў мінулага стагоддзя. І з тых часоў знаходзіліся выключна ў запасніках.

Нават для супрацоўнікаў музея са стажам некалькі дзесяцігоддзяў гэтыя працы сталі адкрыццём. Усе датуюцца 20-ым стагоддзем. Самыя раннія карціны напісаныя яшчэ ў 20-ых гадах, познія - ужо ў 70-ых. Паўстагоддзя гісторыі савецкага жывапісу. Глядач убачыць і будоўлі, і гераічныя будні, і партрэт Стаханава.

Водгаласы савецкага часу, матывы сацыялістычнага рэалізму - у працах кожнага мастака, народжанага ў СССР. Але тут працы і тых, хто нарадзіўся яшчэ ў дасавецкі перыяд і вучыўся ў майстроў 19 стагоддзя. Нават у партрэце Леніна пэндзля Бродскага ўлоўліваецца акадэмізм імператарскай школы.

Тут вы не ўбачыце маштабных пазалочаных рам. Усё проста, без лішкаў і творчага пафасу. Багеты часта нагадваюць драўляную планку. Гэта яшчэ адна адметная рыса савецкага перыяду. Першапачаткова планавалася выставіць куды больш прац, але мантаж экспазіцыі дыктуе свае ўмовы. Карціны павінны сябраваць і дапаўняць адна адну, таму некалькі дзясяткаў твораў ізноў адправіліся ў фонды.