Магчымасці тэлеканала "Беларусь 24" паказалі прафесіяналам

27 января 2015

Спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" нарошчвае сваю прысутнасць у пакетах сусветных правайдараў. За мінулы год колькасць гледачоў канала павялічылася больш як у 2 разы. Толькі ў Расіі беларускую кнопку хоць бы раз націснулі дваццаць з лішнім мільёнаў чалавек. Сёння магчымасці канала паказалі прафесіяналам падчас штогадовай тэлекамунікацыйнай выставы CSTB, яна адкрылася ў расійскай сталіцы.

Максім Кароткін падрабязней.

Правайдары, кантэнт, тэхналогіі - трыадзіная сутнасць найбуйнейшага ў Расіі тэлекамунікацыйнага форуму. Тут падпісваюць дамовы і вывучаюць магчымасці. Найбуйнейшыя селеры знаходзяць партнёраў, а каналы - збыт свайго прадукту. Так выглядае расійскі рынак тэлеіндустрыі.

Першапачаткова CSTB стваралася як выключна тэлевізійная выстава. Але на сучасным этапе кантэнт павінен быць даступны ў любой прыладзе - ад тэлевізара і камп'ютара да планшэта і мабільнага тэлефона. Таму сёння на выставе як тэлевізійны прадукт, так і тэхналогіі сувязі.

Судзячы па звестках тэлевізійнай аналітыкі, сярод аналагічных каналаў Расіі беларускі спадарожнікавы не згубіўся. За 10 гадоў жыцця "Беларусь 24", раней "Беларусь-ТБ", набыў і свайго гледача, і агульную долю аўдыторыі - не ніжэйшую, чым у шэрагу вядомых тэлевізійных брэндаў. З мінулага года Белтэлерадыёкампанія стала атрымліваць падрабязныя звесткі аб распаўсюджванні канала за мяжой, і гэтая інфармацыя вельмі пазітыўная.

На стэндзе "Сігнал-Медыя" - партнёра Белтэлерадыёкампаніі - асобны манітор для беларускага спадарожнікавага канала. "Беларусь 24" ужо два з лішнім гады ў пакеце аднаго з самых дынамічных селераў Расіі. Адгэтуль і рост аўдыторыі гледачоў.

З гэтага года "Беларусь 24", як і іншыя каналы Белтэлерадыёкампаніі, можна глядзець праз мабільныя дадаткі, больш даступным ён стаў і на абноўленым сайце арганізацыі. Попыт на беларускі погляд захоўваецца, а з развіццём тэхналогій яшчэ і большае. Акно ў Беларусь застаецца запатрабаваным у свеце.