Княгіня - рэфарматар - дэкаратар - літаратар

15 мая 2015

Да 175-годдзя з дня нараджэння Марыі Дароты Радзівіл сёння ў Нясвіжы была прэзентаваная выстава. У залах радавога маёнтка сабраныя рэчы, звязаныя з біяграфіяй арыстакраткі. Некаторыя прадметы дастаўленыя з Польшчы асабіста прадстаўніком магнацкага роду. Сярод экспанатаў - малавядомыя фатаграфіі, асабістая перапіска. Характар княгіні па почырку паспрабавала вызначыць наш карэспандэнт Іна Пілевіч.

Яна стала гаспадыняй рэзідэнцыі Радзівілаў яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя. Жонка чатырнаццатага нясвіжскага ардыната Марыя Дарота дэ Кастэлян увайшла ў гісторыю як маштабны рэстаўратар замка, пацярпелага ў вайне 1812 года. Але жыхары сучаснага Нясвіжа ведаюць яе перш за ўсё як стваральніцу пяці паркаў. І менавіта адсюль, з усходняга бастыёна, іх можна ацаніць у лепшым ракурсе.

Распавесці біяграфію княгіні праз сем дзясяткаў прадметаў. Нясвіжскі музей-запаведнік сфарміраваў выставу ў тандэме з прыватнымі калекцыянерамі і вядучымі бібліятэкамі краіны. Частку прадметаў з асабістага фонду даставіў Мацей Радзівіл. Вокладка на дакументы, кій, супніца... Многія фамільныя рэчы перайшлі ў спадчыну. Сучасны князь працягвае адшукваць радавыя рэліквіі і на аўкцыёнах.

Князь Мацей Радзівіл, спадчыннік магнацкага роду Радзівілаў: "Гэта такі вандроўны сакратар. Я гэта называю сучасны лабтоп, таму што гэта можна было раскласці і пісаць лісты падчас падарожжаў. А Марыя дэ Кастэлян вельмі шмат вандравала і пісала шмат лістоў".

Дачка французскага маркіза дэ Кастэляна, жонка прадстаўніка берлінскай лініі Радзівілаў. На гэтым фота ёй 27. Юная арыстакратка ў вобразе іграе ў спектаклі гераіню Ізабелу. Вельмі рэдкі кадр - з альбома тэатральнага паказу 1867 года ў сямейным замку Рашкот. Да юбілею княгіні ўнікальны альбом дастаўлены ў Беларусь з Францыі. Наведвальнікам прапануецца пагартаць выданне віртуальна.

Перад імкненнем арыстакраткі аднавіць мінулую веліч радавога гнязда Радзівілаў не выстаяў нават рускі цар. Манарх пастанавіў вярнуць магнатам каштоўнасці, вывезеныя з рэзідэнцыі ў Эрмітаж падчас вайны 1812 года. Дарота дэ Кастэлян аднавіла тут і бібліятэку. А сёння яе прэзентуюць як аўтара. Выстаўленыя асабістая перапіска і мемуары княгіні.

Сяргей Чысцякоў, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Такі дробны каліграфічны почырк, як у Марыі дэ Кастэлян, характэрны для людзей вельмі арганізаваных, людзей скрупулёзных і людзей, якія не прывыклі здраджваць сваім прынцыпам і сваім перакананням".

На чорна-белых фота з архіва магнацкага роду вынік дэкаратарскіх старанняў арыстакраткі. Хаця і сама экспазіцыя больш падобная на салон канца XIX стагоддзя. Мэбля ў модным стылі буль альбо так званым другім ампіры. Ужо заўтра, у Сусветную ноч музеяў, у гэтых інтэр'ерах ажыве сама княгіня. Асабіста сустрэне кожнага начнога наведвальніка замка.