"Беларусьфільм" прадэманстраваў рабочыя матэрыялы адразу чатырох стужак

28 мая 2019

Сёння "Беларусьфільм" прадэманстраваў рабочыя матэрыялы адразу чатырох стужак. Сярод іх галоўны нацыянальны кінапраект года -  фільм "Купала". Поўнаметражную біяграфію песняра здымалі ў Вільнюсе, Маскве і Мінску. Да канца верасня плануюць завяршыць мантаж, затым стужку адправяць у фестывальнае плаванне.

Журналістам паказалі і кадры першага моладзевага сіткома "Ілюзіі". 16 серый з удзелам маладых беларускіх акцёраў і музыкантаў глядач убачыць у кастрычніку. Зараз кінастудыя працуе над гістарычным фэнтэзі "Авантуры Прантыша Вырвіча" і ваеннай кінастужкай "Лёс дыверсанта". Фільм рэжысуе Дзмітрый Астрахан, яго прэзентуюць да 75-годдзя Перамогі ў 2020 годзе. Ідзе і актыўнае супрацоўніцтва з кіназамежжам. Восенню на сусветны рынак выйдзе і міжнародны праект "Урокі персідскай". 

"Беларусьфільм" актыўна прасоўвае і айчынныя фільмы: нашу анімацыю закупляюць французскія тэлеканалы. Стужкі паказваюць у Карэі, Лаосе, В'етнаме і Аўстраліі.