Беларускі жывапісец ўжо дзесяць гадоў збірае таленавітую дзятву ў студыю "Майстэрня"

30 апреля 2024

Сам - у выдатнай творчай форме, але дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі з юным пакаленнем! Беларускі жывапісец Уладзімір Сайко ўжо дзесяць гадоў як выкладае азы жывапісу і графікі юным. У Барысаве майстра збірае таленавітую дзятву ў студыю "Майстэрня". Навучаюцца маляваць для сябе і бяруць урокі, каб паступаць у мастацкія навучальныя ўстановы - што цікавага для сябе знаходзяць у "Майстэрні" юныя барысаўчане, раскажа Наталля Бардзілоўская.

 Мастак Уладзімір Сайко дзеліцца планамі. Дзеючы творца, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і Сурыкаўскай акадэміі ў Маскве, у арт-асяроддзі Беларусі ён вядомы, як мастак-баталіст. Яго канёк - палотны гістарычнай тэматыкі, прысвечаныя глабальным падзеям, гераічным подзвігам, мужным асобам. Але Сайко - і лірык, і рамантык, А яшчэ - настаўнік.  Графік і жывапісец паралельна з уласным творчым самавыяўленнем займаецца педагогікай: сабраў дзятву у студыю "Майстэрня" ў Барысаве.

Без роздуму вядуць сюды дзяцей. Ад 6 да 18 - асноўныя ўдзельнікі творчай групы. Але "Майстэрня" прымае ўсіх жадаючых - такі слоган арт-суполкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сайко.

Цяпер тут заняткі для школьнікаў... А ўвогуле прафесійная студыя жывапісу і графікі адкрыта для ўсіх жадаючых. Сюды прыводзяць дзетак з асаблівасцямі развіцця для арт-тэрапіі. Сюды збіраюцца цяжарныя жанчыны і жанчыны ў дэкрэтным адпачынку, каб настроіцца пазітыўна і крыху адпачыць ад хатніх клопатаў. І канешне ж, гэта творчая арт-тэрыторыя - добрая пляцоўка для падрыхтоўкі тых, хто хацеў бы ў будучыні бачыць сябе мастаком і паступаць у навучальныя мастацкія ўстановы.

Не націскаць на вучня сваім аўтарытэтам, а прыглядацца да юнага чалавека, заўважаць  яго індывідуальны талент і даваць парады менавіта адрасна - вось выкладчыцкі прынцып Уладзіміра Сайко.

Сярод вучняў - і ўласны сынок Уладзіміра Сайко: пакуль больш забаўляе сваёй прысутнасцю. Але, думаецца, хутка і ён стане маляваць. Дынастыя : жонка кіраўніка студыі, Аляксандра, таксама жывапісец і педагог.

Іх урокі не праходзяць дарма: сцены "Майстэрні" аздоблены каларытнымі работамі, а вось і вынік тэлевізійнай сутворчасці са студыйцамі - "Блакітныя нябёсы над Беларуссю"!