Александрыя чацвёрты раз прымае сяброў

5 июля 2013

Свята сёлета абяцае быць вельмі маляўнічым і маштабным. Арганізатары пастараліся максімальна надаць яму купальскую тэматыку. Чакаюць дзясяткі тысяч гасцей з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі. Якім гэтым разам іх сустрэне маляўнічы бераг Дняпра, даведваліся нашы калегі.



Расказвае Уладзімір Сёмкін: Зрабіць фестываль не падобным да папярэдніх - задача складаная, але магчымая, - вырашылі арганізатары. Здавалася б, чым можна здзівіць гасцей чацвёрты раз запар? Гэты раз Александрыя вырашыла адмовіцца ад ужо традыцыйных народных падворкаў. Зараз больш як 150 народных майстроў на вачах у людзей будуць вырабляць усё ад лапцяў да брыльянтаў. Напрыклад, удзельнікі міжнароднага пленэра Арт Жыжаль зоймуцца керамікай. Печы ўжо ўсталяваныя і разаграваюцца. У няпростую працу ганчара вырашылі дадаць і элементы шоу. На асобнай печы будуць абпальваць двухметровую скульптуру.


Паўдзельнічаць у майстар-класах і паспрабаваць свае сілы ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці зможа кожны ахвотнік. А ўласны выраб можна будзе забраць на памяць. Дарэчы, сувенірам сёлета арганізатары надалі самую пільную ўвагу.


А свята абяцае быць сапраўды прыгожым. Гэтым разам арганізатары пастараліся ва ўсім надаць яму купальскую тэматыку.


Новае аблічча здабудзе і галоўная канцэртная пляцоўка свята. Яна паярчэе. Афарміцелі прывезлі шмат святла. Таксама яе ўпрыгожаць жывымі кветкамі і папараццю. Апошняй для гэтых мэт нарыхтавалі цэлых 500 кілаграмаў.


Увечар гала-канцэрт з удзелам зорак беларускай, расійскай і ўкраінскай эстрады скончыцца маляўнічым феерверкам. Затым эстафету прыме 45-хвілінная абрадавая праграма Чараўніцтва купальскай ночы, лазернае шоу і начная дыскатэка.