Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб развіцці Аршанскага раёна

3 января 2019

Аршанскі раён атрымаў новыя стымулы для развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў. Спецыяльна для паўночнага рэгіёна прадугледжаныя падатковыя, фінансавыя і адміністрацыйныя прэферэнцыі. Сёння Прэзідэнт падпісаў указ аб развіцці раёна.

У ліку стымулаў асаблівы падатковы рэжым як для пачаткоўцаў, так і для дзеючых гаспадарнікаў. Так, прадпрыемствы вызваляць ад выплаты ПДВ пры ўвозе абсталявання, прапануюць льготную адтэрміноўку па выплаце збораў. У праграме - шэраг мер для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці, а таксама асаблівы рэжым праверак прадпрыемстваў. Да канца 2023 года будзе дзейнічаць мараторый на правядзенне выбарачных праверак, для пазапланавых вызначылі пералік выключных выпадкаў. Падтрымана і палітыка дэкрыміналізацыі эканамічных рызык - прасцей гаворачы, зведзеныя да мінімуму выпадкі крымінальных спраў за эканамічныя злачынствы.

Навесці ўзорны парадак на Аршаншчыне і вярнуць прамысловаму вузлу рэгіёна былую славу Прэзідэнт даручаў неаднаразова. Орша павінна стаць паказальным раёнам для ўсёй краіны. Такая задача стаіць перад урадам. Самыя эфектыўныя меры па развіцці раёна ў выніку прапануюць іншым рэгіёнам Беларусі.