Галандцы выбіраюць - падтрымаць або адхіліць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам

6 апреля 2016

Галандцы выбіраюць: падтрымаць або адхіліць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам. Хто і чаму вырашыў плыць супраць агульнага палітычнага патоку - з Нідэрландаў перадае Аляксей Адашкін.

Пім Вайнекер у звычайны час далёкі ад палітыкі. Гэты жыхар Гаагі займаецца продажам сістэм збору дажджавой вады. Напярэдадні другога ў гісторыі Нідэрландаў рэферэндуму Пім запісаўся ў валанцёры "Грамадзянскага камітэта ЕС", каб агітаваць суайчыннікаў галасаваць супраць асацыяцыі з Украінай.

Пім Вайнекер, жыхар г. Гаагі: "Мы супраць пагаднення, таму што лічым гэта дрэннай здзелкай для ўсіх. Украінская эканоміка ад такога збліжэння можа пацярпець вельмі моцна. А яшчэ мы запусцілі гэты рэферэндум, каб у Еўропе нас пачулі і да нашага меркавання прыслухаліся".

Першы нідэрландскі рэферэндум таксама нарабіў на кантыненце шмат шуму. У 2005 годзе жыхары гэтай невялікай дзяржавы выказаліся супраць агульнаеўрапейскай канстытуцыі. І яе прыйшлося перапісваць. Сённяшняе галасаванне - таксама ініцыятыва еўраскептыкаў. Мінулым летам парламент Нідэрландаў адобрыў асацыяцыю ЕС з Украінай. Адначасова ў краіне ўступіў у сілу новы закон, які дазваляе выносіць на рэферэндум любыя пытанні, якія выклікаюць у грамадстве палеміку. За правядзенне галасавання па Украіне выказаліся 427 000 галандцаў.

Каміль Фонційн, жыхар г. Гаагі: "Ва Украіне неспакойна. Перш чым заключаць такія пагадненні, краіна павінна вярнуць стабільнасць. Іх папярэдні Прэзідэнт супрацоўнічаў з Расіяй, цяперашні - глядзіць на Еўропу. Але хто гарантуе, якую арыентацыю выбера іх наступны лідар? Можа, Пятру Парашэнку прыйдзецца сысці ў адстаўку з-за тых мільёнаў долараў, пра якія свет даведаўся дзякуючы Панамскім дакументам, і ўлада зноў зменіцца? Таму, я лічу, што для Украіны больш мудра не кідацца ў крайнасці, а весці шматвектарную палітыку, супрацоўнічаючы і з намі, і з Расіяй, а не выбіраючы толькі адзін кірунак".

Рэферэндум адбудзецца, калі прагаласуе не меней за 30% выбаршчыкаў. Каб завабіць грамадзян на ўчасткі, палітычныя партыі і грамадзянскія актывісты правялі досыць пярэстую агітацыйную кампанію.

Галандская палітычная кухня мае ярка выражаны смак традыцыйнага печыва з карамельным начыннем. Дзяржава аплачвае з бюджэту кулінарную агітацыю. Выбаршчык, атрымаўшы салодкі пачастунак, на ўпакоўцы можа вывучыць больш уважліва аргументы за і супраць пытання, вынесенага на рэферэндум.

І калі супраць асацыяцыі агітавалі мясцовыя еўраскептыкі, то ў падтрымку пагаднення выступілі яго самыя вялікія прыхільнікі - самі ўкраінцы. У Нідэрланды прыбыў сапраўдны палітычны дэсант з Кіева. Браты Клічко сэрцы выбаршчыкаў спрабавалі заваяваць у папулярным тэлешоу. А вось міністр замежных спраў Клімкін "падкаціў" да галандцаў на самым папулярным тут транспартным сродку.

Святлана Залішчук, дэпутат Вярхоўнай рады Украіны: "Еўраскептыкі скарысталіся сітуацыяй, каб свае інтарэсы праследваць - Украіна стала заложнікам такой сітуацыі. Прыкрасць ёсць у тым сэнсе, што рэферэндум па волі выпадковасці адбудзецца ў гэтай краіне і можа паставіць пад пагрозу далейшае развіццё або выклікае патрэбнасць прыняць палітычнае рашэнне. Гэта будзе прэцэдэнт, калі Галандыя прагаласуе супраць".

Галасаванне сёння ідзе і ў школах, і ў кнігарнях, і нават у фешэнэбельных гасцініцах. Паводле апошніх сацапытанняў, шэрагі прыхільнікаў і праціўнікаў ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі з Кіевам прыкладна роўныя. Пры гэтым, як сцвярджаюць сацыёлагі, большасць галандцаў маюць досыць павярхоўнае ўяўленне як пра Украіну, так і пра сітуацыю ў гэтай краіне.

"Было вельмі складана вырашыць адназначна, на які бок стаць. Занадта шмат інфармацыі з розных крыніц. Фактычна, мне прыйшлося выбіраць паміж не вельмі добрым і зусім дрэнным варыянтамі. Я прагаласаваў за, таму што лічу, што важна хоць чымсьці дапамагчы Украіне".

"Я прагаласавала супраць, таму што мы не жадаем канфрантацыі з Расіяй. Раней Украіна была разам з Расіяй, і нельга вось так адрываць блізкія краіны адзін ад аднаго. Гэта дрэнна. Таму я супраць пагаднення аб асацыяцыі".

"Вельмі шмат шуму ў прэсе. І складана зразумець, што менавіта сказана ў пагадненні аб асацыяцыі. Дакумент займае больш як 300 старонак. Ніхто яго не чытаў - акрамя некаторых палітыкаў, вядома. Жадаецца разабрацца, але ўсюды розныя прыводзяцца аргументы - і за, і супраць. Я запоўніў два бюлетэні - за мяне, і за маю жонку, і аддаў два галасы за".

Галасаванне завершыцца ў 22:00 па мінскім часе. Амаль адразу ж будуць аб'яўлены даныя экзітполаў. А вось канчатковыя вынікі будуць падведзены толькі на наступным тыдні. Рэферэндум з'яўляецца кансультатыўным. Таму, нягледзячы на яго вынікі, улады Каралеўства могуць пайсці сваім вызначаным шляхам.