Адбылася размова Кіраўніка дзяржавы са спецыялістамі Акадэміі навук і міністрам прамысловасці

31 августа 2017

Яшчэ адна размова Кіраўніка дзяржавы сёння са спецыялістамі Акадэміі навук і міністрам прамысловасці. Яны распавялі Прэзідэнту, як развіваецца вытворчасць электрамабіляў у Беларусі.

Тут арыенцірам для нашых распрацоўшчыкаў з'яўляецца машына Tesla. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі аб апошняй мадэлі амерыканскага ўзору. Аўтамабіль быў прадэманстраваны Кіраўніку дзяржавы спецыяльна для тэсціравання. З электракарам Tesla на тэрыторыі Палаца Незалежнасці змаглі азнаёміцца і ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Прэзідэнт вельмі высока ацаніў тэхнічныя характарыстыкі і дынаміку машыны. А таксама адзначыў, што менавіта яе айчынным распрацоўшчыкам можна выкарыстаць у якасці прыкладу, да якога трэба імкнуцца. Прэзідэнт параўнаў тэставы ўзор з нядаўна створаным беларускім электракарам на базе Geely. Яму, на думку Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ далёка да ўзроўню Tesla. Таму ў гэтым кірунку неабходная далейшая тэхнічная праца.

Развіццё аўтамабілебудавання на электрычнай цязе супадае з будаўніцтвам у Беларусі АЭС. Станцыя будзе буйным вытворцам даступнай электраэнергіі. Таму Прэзідэнт звярнуў увагу і на неабходнасць развіцця іншых відаў электрычнага транспарту, у тым ліку веласіпедаў, матацыклаў і скутараў.

Сёння ж Аляксандр Лукашэнка падрабязна абмеркаваў і эканоміку калійнай галіны. На сустрэчы з расійскім бізнесменам Міхаілам Гуцарыевым гаворка ішла аб нацыянальных праектах у Петрыкаве і на базе Старобінскага радовішча. Паводле ацэнак экспертаў, пасля іх рэалізацыі Беларусь стане сусветным лідарам па вытворчасці калійных угнаенняў.