Творчы вечар паэтэсы Алены Харавец прайшоў у Мінску

18 апреля 2024

Музыка, вершы, мора кветак і ўсмешак - у Мінску прайшоў творчы вечар беларускай паэтэсы Алены Харавец! Аўтар пяці вершаваных зборнікаў, паэт-меладыст, чые радкі ляглі ў аснову шматлікіх папулярных песень, сабрала сяброў і прыхільнікаў таленту на юбілей.

На свяце пабывала і карэспандэнт АТН Наталля Бардзілоўская. Рэспубліканскі палац ветэранаў. У фае - людзі з кветкамі і кніжкамі ў руках. Гартаюць свежавыданыя старонкі, якія яшчэ пахнуць друкарняй.

Людзі сабраліся на сустрэчу з паэтэсай Аленай Харавец. Яна - у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, званняў не мае, але цікавасць гасцей да яе асобы і поўная зала прыхільнікаў творчасці - сведчаць: званне ў "віноўніцы ўрачыстасці" ёсць - любімая, паважаная, цікавая, таленавітая.

Вершы пра каханне, пра жыццё і ўсё тое добрае ці трывожнае, што яно дае... Радкі Алены Харавец зразумелыя, блізкія кожнаму чалавеку. Таму так шмат гледачоў сёння сабралася ў зале, каб павіншаваць паэтэсу з яе юбілеем, з яе творчасцю. Каб перадаць ёй прамяні дабра і натхнення.

У гэтым канцэрце - біяграфія аўтара. "Мама" - Алена Харавец. Ураджэнка Талачынскага краю ўвасобіла ў песні ўсю любоў да самага блізкага чалавека і… сум: яе маці не стала, калі будучай паэтэсе было 6. З двума брацікамі і сястрычкай сталі сіротамі. Дзіцячы дом... Самастойны шлях Алены Чаславаўны пачаўся ў Мінску. Працавала ў вучылішчы тэкстыльшчыкаў, у атэлі. Не самая творчая, празаічная праца. Але паэзія была ў ёй заўсёды. І з першых дзён - просты, даступны склад і тэмы, пра тое, што хвалюе ўсіх.

Сусвет жаночага жыцця - каханне. Яму, такому рознаму, паэтэса прысвяціла дзясяткі песень. Многія сталі хітамі. Выдатны меладыст - самыя непаўторныя свае песні Алена Харавец стварыла ў творчым тандэме з Віктарам Тарасам. Сааўтарам пашанцавала: іх шлягеры спявалі "зоркі" беларускай эстрады. Восем песень агучыў Якаў Навуменка, але рэкорд - у Надзеі Мікуліч.

"Благаславёна светлая любоў" - юбілейны канцэрт. У зале - сябры, і на сцэне - сяброўкі. Весці творчы вечар Алены Харавец заахвоціліся ажно некалькі вядомых асоб Беларусі. Кожную, акрамя творчага сугучча, з юбіляркай звязвае сяброўства і асабістыя гісторыі.

У зале калегі па цэху, беларускія пісьменнікі і паэты. Іх адзнака самая высокая. Ведаюць і прызнаюць даўно. З нагоды юбілею ад Саюза пісьменнікаў - памятны знак: медаль нашага класіка Максіма Багдановіча. На сусветна знакамітую паэтычную спадчыну раўняецца Алена Харавец. Але пры гэтым захоўвае свой непаўторны, аўтарскі стыль і почырк.

У Алены Харавец пяць зборнікаў. Цяпер працуе над новым. Вялікі пост натхніў на радкі пра Божае, пра пошукі ў сабе.