Падрыхтоўку да правядзення Усебеларускага народнага сходу абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

18 апреля 2024

Падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу - на фінішнай прамой.

Застаецца менш за тыдзень да найважнейшай палітычнай падзеі. Гатоўнасць да форуму ўсіх, хто мае дачыненне, абмеркавалі сёння на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. У суверэннай гісторыі краіны гэты сёмы Усебеларускі сход. Але сёлета ён упершыню пройдзе ў новым высокім статусе - канстытуцыйным (гэта прапісана ў абноўленым Асноўным законе). Зараз УНС - гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя. Ён будзе вызначаць стратэгію развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць грамадзянскую згоду, непахіснасць канстытуцыйнага ладу. Прэзідэнт патрабуе бездакорнай арганізацыі працы УНС.   

Склад ужо зацверджаны. У яго ўвойдуць 1162 дэлегаты (яны прадстаўляюць розныя слаі грамадства). З іх 750 вызначаны шляхам абрання. Гэта дэпутаты мясцовых саветаў і прадстаўнікі грамадства. Акрамя таго, у складзе УНС Прэзідэнт, парламентарыі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. Сярод удзельнікаў і запрошаныя госці.

Р. Галоўчанка: Да правядзення УНС практычна ўсё гатова

Раман Галоўчанка, прэм'ер-міністр Беларусі:

Запрошаных людзей, дарэчы, будзе нямала - каля 700 чалавек. І зроблена гэта для таго, каб дэлегацыі рэгіёнаў змаглі на свае вочы ўбачыць, што будзе адбывацца гэтымі днямі, і потым данесці да жыхароў сваіх абласцей і гарадоў. Мерапрыемства гэта ў першую чаргу для беларускага народа, таму ўпор мы рабілі на гэта.

Акрамя таго, на пасяджэнне запрошаны замежныя госці: кіраўнікі міждзяржаўных аб'яднанняў і паслы замежных краін. "Прадстаўнікі Захаду… Пасольствы ёсць, захочуць прыйсці - прыйдуць. А спецыяльна кагосьці запрашаць мы не бачым сэнсу", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Усебеларускі народны сход пройдзе 24 і 25 красавіка

Усебеларускі народны сход будзе працаваць у нашай сталіцы на працягу двух дзён - 24 і 25 красавіка. У першы - шмат арганізацыйных працэдур: зацвердзяць рэгламент працы, выберуць старшыню УНС, яго намесніка і прэзідыум. Адкрые сход кіраўнік дзяржавы. У другі дзень да увагі дэлегатаў шэраг стратэгічных для краіны дакументаў: Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Улічваючы іх значнасць, прадугледжаны дэбаты ўдзельнікаў.