Рабочая паездка Прэзідэнта ў Гомельскую вобласць. На кантролі сацыяльна-эканамічны стан раёна

27 апреля 2018

Будаўніцтва моста паміж Жыткавічамі і Туравам сёння ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка - у рабочай паездцы па Гомельскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы абляцеў рэгіён і ацаніў стан аварыйнага моста з паветра. Напярэдадні Прэзідэнт даручыў завяршыць гэты аб'ект да 7 лістапада. Сёння Кіраўніку дзяржавы далажылі, як арганізавана пераправа цераз раку пасажыраў і грузаў, у прыватнасці, аб працы парома і пантоннага моста. Паром у асноўным задзейнічаны на транспарціроўцы велікагрузных машын, а астатнія аўтамабілі прапускаюцца па пантоннай пераправе. За час працы ёю ўжо скарысталіся больш за 50 тысяч адзінак тэхнікі. Што тычыцца рэканструкцыі моста, Прэзідэнту падрабязна распавялі аб праекце і аб тым, як мяркуецца праводзіць узрыўныя работы пры дэмантажы цэнтральнага аварыйнага пралёта.

Сваім меркаваннем наконт працы на аб'екце з Аляксандрам Лукашэнкам падзяліліся профільныя спецыялісты холдынга "Белаўтадар" і дырэктар прадпрыемства "Белгіпрадар". Гэтая арганізацыя займаецца праектаваннем і інжынерным суправаджэннем самых розных аб'ектаў і будынкаў. Архітэктурны праект ужо прайшоў экспертызу, распрацаваны і зацверджаны графік работ. Іх кошт разам з матэрыяламі ацэньваецца ў 49 мільёнаў рублёў. Таксама з варонежскім вытворцам заключаны дагавор на пастаўку металічнага пралётнага будынка. Тэрмін - ліпень гэтага года. Гэты мост - стратэгічны аб'ект для рэгіёна, таму і яго якасць павінна адказваць самым высокім стандартам, адзначыў Прэзідэнт.

Падчас рабочай паездкі абмяркоўваліся і ў цэлым пытанні развіцця транспартнага і транзітнага патэнцыялу Беларусі, працягу будаўніцтва і рэканструкцыі аўтадарог, фінансавання гэтых работ, у тым ліку з прыцягненнем знешніх крыніц. Закранулі і тэму ўзвядзення другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што да 7 лістапада гэтага года ўсе работы будуць завершаныя.

Таксама Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў Тураўскі малочны камбінат. Гэта прадпрыемства пачало сваю працу пяць гадоў таму. Яно ўжо стала цэнтрам прыцягнення і сыравіны, і рабочай сілы для ўсяго рэгіёна. Тут працуюць 320 чалавек. А камбінат дае тры чвэрці агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці Жыткавіцкага раёна.


Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя